Палітвязень Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук

Палітвязень Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. Здарылася гэта яшчэ 20 траўня. Пасля гэтага Дзядок быў часова змешчаны ў медчастку, паведамляе сайт spring96.org.

Адзначаецца, што за два тыдні ў калоніі палітвязень Мікалай Дзядок атрымаў 4 спагнанні і двойчы патрапіў у ШІЗА.

Нагадаем, 12 траўня Мікалая Дзядка перавялі ў новае месца адбыцця пакарання — у калонію ПК-9 у Горках. А ўжо на другі дзень, 13 траўня, ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 сутак. Літаральна праз дзень, 19 траўня, яго зноў адправілі у адзіночку штрафнога ізалятара. З-за вельмі нізкай тэмпературы Дзядок вельмі пакутаваў усю ноч, прасіўся ад пераводзе ў іншае памяшканне.

Каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 траўня Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медчастку. Пасля аказання першай дапамогі, Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА.

Нагадаем, Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі" да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

Фота: ria.ru, statkevich.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі