Палітолаг: Разгон у Кіеве не быў спланаваны Расіяй

Аляксандр Папко: Пра тое, што крывавыя падзеі ва Украіне не на руку Расіі сведчыць той факт, што крывавы разгон адбываецца падчас Алімпіяды. Расія ўклала ў яе вялізарныя грошы. Гэта быў маштабнейшы PR-праект Уладзіміра Пуціна, які цяпер стаіць фактычна пад пагрозай, бо ўвага ўсяго свету па зразумелых прычынах прыцягнутая да Кіева.





Еўрарадыё: Няўжо ў Крамля не было такіх рычагоў уплыву, каб прадухіліць спробу жорсткага разгону ў Кіеве?





Аляксандр Папко: У Крамлі ёсць вельмі шмат рычагоў, перад усім эканамічных. Можна ўзгадаць, напрыклад, 15-мільярдны крэдыт, які мае быць выдадзены, цэны на газ, а таксама магчымасці блакавання расійскага рынку для ўкраінскіх тавараў. Крэдыт быў абумоўлены палітычна, для яго выдачы патрэбная была фігура новага прэм’ер-міністра, які б задавальняў маскоўскі бок. Аднак я не лічу, што Уладзімір Пуцін ці расійскае кіраўніцтва падштурхнулі Віктара Януковіча да крывавага разгону. Трэба разумець, што вышэйшае кіраўніцтва Украіны гэта, выбачаюся, зусім не высокія інтэлектуалы. Гэта людзі, якія дзейнічацюь паводле сітуацыі, пад уплывам эмоцый. Шмат экспертаў кажа пра тое, што ўкраінскае кіраўніцтва адарванае ад рэчаіснасці, у іх сваё разуменне сітуацыі, разуменне таго, што адбываецца ў краіне, на Майдане, як трэба дзейнічаць. І карыстаючыся гэтым сваім бачаннем, а не рэальным станам рэчаў, яны маглі лёгка скамандаваць дзейнічаць жорстка.





Еўрарадыё: То бок, Расія не магла прадбачыць, што такія падзеі адбудуцца і, адпаведна, не магла прадухіліць іх?





Аляксандр Папко: Спланаваць тое, што адбылося ў Кіеве, прадбачыць гэта было немагчыма. Тэарэтычна, сітуацыя ішла да заціхання, замірэння. Аднак гэтае замірэнне было такое, што Віктар Януковіч не зрабіў ні кроку назад, не выканаў ніводнага патрабавання майданаўцаў, нягледзячы на смяротныя ахвяры. У Вярхоўнай Радзе мусіла адбыцца галасаванне па абмежаванні ўлады прэзідэнта, а Януковіч хацеў максімальна зацягнуць у бясконцасць гэты працэс. Ведаючы, які накал эмоцый маюць людзі, якія тры месяцы стаяць на Майдане, тэарэтычна можна было задумацца, як на гэта зрэагуюць людзі. Аднак паколькі ў атачэння Януковіча сваё бачанне сітуацыі, яны проста хацелі зноў павадзіць людзей за нос. Гэта не атрымалася, але рэакцыя ўладаў была абсалютна несувымерная да небяспекі. Ніхто не дае права сілавікам забіваць да смерці людзей.





Еўрарадыё: Ці ў гэтай сітуацыі Януковіч губляе свае пазіцыі сярод свайго атачэння?





Аляксандр Папко: Пазіцыі Януковіч не губляе, але страчвае суб’ектнасць у міжнародных перамовах. З гэтым чалавекам наўрад ці хтосьці захоча дамаўляцца. Цяперашняя спроба разгону — гэта для яго, магчыма, апошні шанец аднавіць сябе ў вачах Расіі як чалавека, з якім можна размаўляць.