Вы тут

"Па ўказанні, з дазволу і пад кантролем": несуцяшальны прагноз ад Чалага

"Вялікі брат назірае за табой" / Еўрарадыё

23 ліпеня беларускія ўлады пачалі масавую зачыстку недзяржаўных арганізацый. У гэты дзень ліквідавана 48 юрыдычных асоб, у ліку якіх культурныя, сацыяльныя і прававыя ініцыятывы. Для чаго ўлады гэта робяць і да чаго гэта прывядзе?

— Няўрадавыя арганізацыі даўным-даўно трывала занялі некалькі ніш, у якіх дзяржава вельмі моцна "плавала", — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — Было відавочна, што развіццё адукацыйнай і культурнай сферы — усё гэта рабілася рукамі людзей, якія не маюць дачынення да дзяржавы.

Гэта [разгром НДА. — Еўрарадыё] прывядзе да таго, што Лукашэнка хоча бачыць. Ён хоча, каб уся грамадзянская і эканамічная актыўнасць у грамадстве была па ўказанні, з дазволу, пад наглядам і пад кантролем дзяржавы.

НДА ўжо трапілі пад махавік рэпрэсій. А што чыноўнікі распачнуць у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў у найбліжэйшай будучыні?

— Канчатковага рашэння пытання па ІП да гэтага часу няма, — адказвае аналітык. — Наколькі я ведаю, на гэты конт цяпер існуюць дзве ідэі, якія канкуруюць. Адна з іх, найбольш радыкальная — спыніць рэгістрацыю новых ІП, а астатніх — тым ці іншым спосабам — прымушаць пераўтварацца ва ўнітарныя прадпрыемствы. І пакуль не вельмі зразумела, чаго хоча Лукашэнка. З аднаго боку, ён хоча змагацца з непадкантрольнай яму эканамічнай дзейнасцю. З другога боку, ён хоча, каб плацілі больш падаткаў. Але, на жаль, адначасова гэтыя дзве задачы не развязваюцца.

Перспектывы ў Беларусі / Еўрарадыё

Перспектывы развіцця Беларусі ва ўмовах палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу вельмі цьмяныя. Што будзе далей і які шанц, што ўсё ўпарадкуецца?

— Я лічу, што рызыкі пагаршэння сітуацыі значна вышэйшыя, чым магчымасць таго, што ў агляднай перспектыве некалькіх месяцаў гэты маразм развернецца ў нейкі іншы бок, — дае несуцяшальны прагноз Сяргей Чалы. — Пакуль я бачу толькі кірунак руху ў бок нанясення вялізнай эканамічнай шкоды ўласнай краіне дзеля таго, каб можна было кантраляваць усё, што застанецца жывым.

Застанецца жывым не так шмат, але выглядае, што ўладам на гэта напляваць. Яны вырашылі, што лепш мець бедную, стагнацыйную краіну, у якой людзі жывуць падножным кормам, а актыўныя людзі жывуць за мяжой і падтрымліваюць грашовымі пераводамі тых, хто там застаўся. Яны лічаць, што так лепш, чым мець краіну, якая дынамічна развіваецца, з рызыкамі таго, што ў гэтых людзей раптам з'яўляюцца палітычныя і грамадскія запыты крыху вышэйшыя, чым "чарка і шкварка".

Нядаўна кіраўнік кабінета Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі згадаў, што ў найвышэйшых эшалонах улады ЗША ўздымалася пытанне пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да Расіі, якая падтрымлівае беларускі рэжым і ёсць яго асноўным партнёрам.

Такі крок з боку ЗША рэальны ці гэта хутчэй ужо звыклая ўсходне-заходняя лаянка?

— Я думаю, што гэта цалкам рэальна, але не цяпер. Гаворка ідзе не столькі пра тое, каб вінаваціць Расію ў падтрымцы беларускага рэжыму. Рэч у тым, што ў выпадку пагаршэння сітуацыі Расійская Федэрацыя апошні крэдытор, апошняя надзея. І пагроза санкцый ЗША павінна вісець дамоклавым мячом, каб прадухіліць магчымасць "здацца Расіі, калі ўжо зусім сіл няма".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.