Вы тут

Орда: ніхто не прымушае падпісвацца за Лукашэнку. ФБ: яшчэ як прымушае

Дзе вынікі праверак па "ўкідах"?

Міхаіл Орда напісаў у "Фэйсбуку", што ні адзін выпадак прымусовага збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку не пацвердзіўся. "Правяраем такія ўкіды. На сёння — ні аднаго рэальнага факта. У нашай краіне людзі падпісваюцца за вылучэнне дзейнага прэзідэнта. Гэта — факт", — напісаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і па сумяшчальніцтве кіраўнік выбарчага штаба Лукашэнкі.

У карыстальнікаў сацсетак паўстала заканамернае пытанне. Калі праверкі сапраўды праводзіліся — дзе канкрэтныя факты пра іх? Пакуль што заява Міхаіла Орды выглядае такой самай галаслоўнай, як і "ўкіды", пра якія ён гаворыць.

Іншыя каментатары проста пад допісам Орды пішуць пра выпадкі прымусовага збору подпісаў.

Вось нават называецца канкрэтнае месца — дзіцячы сад №541 у мінскім спальным раёне "Малінаўка-4".

Аліна Каралёва сцвярджае, што яе папрасілі паставіць подпіс на працы. У афіцыйнай памятцы "У дапамогу асобе, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь" сказана, што "грамадзяне, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх у падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для збору подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час". Калі такі факт сапраўды меў месца, то гэта парушэнне.

Аднак у асноўным каментатары не хочуць даваць кантакты сваіх знаёмых і сваякоў, якія сутыкнуліся з праблемай. Яны лічаць, што ў тых могуць пачацца праблемы.

Пра выпадкі, калі грамадзян Беларусі пагрозамі прымушаюць пакінуць подпіс за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, пішуць і тэлеграм-каналы, і буйныя сайты. У сеціве апублікаваныя дзясяткі скрыншотаў з расказамі людзей пра прымусовы збор подпісаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.