Опернага спевака Пласіда Дамінга абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях

Опернага спевака Пласіда Дамінга абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях

Восем спявачак і танцорак абвінавацілі 78-гадовага опернага спевака Пласіда Дамінга ў сексуальных дамаганнях, перадае Бі-Бі-Сі. Першыя эпізоды датуюцца канцом 1980-х гадоў. Сваё імя наважылася назваць толькі адна з жанчын — мецца-сапрана Патрыцыя Вульф.

Дамінга заявіў, што абвінавачванні не адпавядаюць рэчаіснасці ў прадстаўленым выглядзе. "Я лічыў, што ўсе мае кантакты і адносіны былі жаданымі і засноўваліся на ўзаемнай згодзе. Тыя, хто са мной знаёмы або працаваў са мной, ведаюць, што я не той чалавек, які можа наўмысна прычыніць боль, пакрыўдзіць або паставіць у няёмкае становішча", — падкрэсліў спявак.

Шэсць жанчын распавялі, што адчулі сябе няўтульна, калі спявак адпускаў рэплікі з сексуальным падтэкстам у іх прысутнасці.

Вульф заявіла, што Дамінга не кранаў яе, але падыходзіў вельмі блізка кожны раз, калі яна пакідала сцэну, і пытаўся, ці абавязкова ёй ісці дадому. Іншая жанчына паведаміла, быццам аднойчы спявак залез ёй рукой пад спадніцу. Яшчэ трое ўспомнілі, што ён сілком пацалаваў іх. 

18 верасня Дамінга павінен быў выступаць на канцэрце Філадэльфійскага аркестра. Аднак арганізатары адклікалі запрашэнне пасля абвінавачанняў на адрас спевака. 

Цяпер Пласіда Дамінга ўзначальвае Лос-анджэлескі оперны тэатр. Раней ён працаваў мастацкім кіраўніком, а затым дырэктарам Вашынгтонскага опернага тэатра.

Са сваёй другой жонкай, спявачкай-сапрана Мартай Арнелас ён жыве ў шлюбе з 1962 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі