"Не рынак працы, а прымус": на працу ідуць ад адчаю або мігруюць

Беларусы не хочуць закрываць дзірку на рынку працы праз дрэнныя ўмовы работы / pexels.com
Беларусы не хочуць закрываць дзірку на рынку працы праз дрэнныя ўмовы работы / pexels.com

Міграцыя, чысткі на дзяржпрадпрыемствах па палітычных матывах, старэнне людзей і адсутнасць інвестыцый спусташаюць рынак працы. Гэта вядзе краіну да крызісу, лічаць эксперты.

Еўрарадыё даведалася, якіх кадраў у Беларусі не стае і чаму пры маштабных звальненнях у 2021 годзе беларусы не спяшаюцца закрываць кадравы дэфіцыт.

 

Медработнікаў і шукаюць, і актыўна звальняюць

“Не рынок труда, а принуждение”: на работу идут от отчаяния или мигрируют
Сфера аховы здароўя страціла каля 2,4 тысячы работнікаў у 2021 годзе / Еўрарадыё

Паводле звестак Белстата, колькасць рабочай сілы ў чацвёртым квартале 2021 года аказалася на 2,3% меншай, чым годам раней. Прапала 116 тысяч патэнцыйных работнікаў.

У Рэспубліканскім банку вакансій можна знайсці 97,3 тысячы прапаноў для работнікаў. І толькі 5,9 тысячы рэзюмэ. З усіх вакансій заробак ад 1000 рублёў прапануецца толькі для 26,6 тысячы месцаў.

Больш за ўсё патрэбныя кіроўцы, лекары-спецыялісты, медыцынскія сёстры, прыбіральшчыкі, трактарысты-машыністы ў сельгасвытворчасці. Шукаюць працу самі бухгалтары, эканамісты, юрысконсульты, кіроўцы і інжынеры.

Пры дэфіцыце рабочай сілы ў 2021 годзе было нашмат больш звальненняў, чым у папярэднія гады. Звольненых па выніках года аказалася на 72,5 тысячы больш, чым прынятых на працу, паведамляе Белстат. У 2020 годзе таксама было больш звольненых — на 45,8 тысячы. А ў 2019 годзе — на 46,2 тысячы.

“Не рынок труда, а принуждение”: на работу идут от отчаяния или мигрируют
Ідэалагічныя чысткі часта пазбаўляюць працы добрых спецыялістаў / pexels.com

Куды ж маглі знікнуць 72,5 тысячы спецыялістаў, чаму не закрыюць нястачу кадраў? Частка з гэтых людзей выйшла на пенсію, шмат хто выехаў за мяжу.

— Міграцыю часткова можна назваць палітычнай, — расказвае эканаміст Леў Марголін. — Але многія, хто мае добрую спецыяльнасць і навыкі, разумеюць, што могуць прадаць сваю працу за мяжой значна даражэй.

Ёсць людзі, якія хацелі б тут працаваць, але іх выкідаюць сотнямі з палітычных прычын. Звычайна гэта людзі, якія думаюць пра сітуацыю ў краіне, людзі, як правіла, больш адукаваныя і адказныя.

Толькі ў Літве ў 2021 годзе больш за 7 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на працу.

— Мабыць, ёсць і іншыя прычыны праблем на рынку працы. Не зусім зразумела, чаму раптам рэзка стала не ставаць дворнікаў, напрыклад. Тут не трэба вялікай кваліфікацыі, але заробкі, якія прапануюць, людзей не задавальняюць. Але праблемы з ростам эканомікі звязаныя, вядома, з высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

 

"Людзі выбіраюць міграцыю або шэры заробак"

Сітуацыя пагаршаецца тым, што праз неспрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу прыватнаму сектару складаней прымаць на працу вызваленыя з дзяржструктур кадры. Самім людзям адкрыць ІП або стаць самазанятым таксама становіцца ўсё менш выгадна праз падвышэнне падаткаў. Гэта падштурхоўвае людзей шукаць лепшых умоў за мяжой.

“Не рынок труда, а принуждение”: на работу идут от отчаяния или мигрируют
З 2022 года шмат каму з прадпрымальнікаў нельга карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання і трэба плаціць нашмат больш падаткаў / pexels.com

— Наша падатковае ведамства з кожным годам пагаршае сітуацыю для індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяперашні кіраўнік краіны даўно марыў паціснуць руку апошняму прадпрымальніку. І сёння для гэтага робіцца ўсё, — кажа Леў Марголін.

Нягледзячы на звальненні, Белстат дае справаздачу аб зніжэнні беспрацоўя да 3,8% у чацвёртым квартале 2021 года ў параўнанні з 4,1% годам раней. На думку Льва Марголіна, сапраўдная лічба можа быць значна вышэйшай. Людзі проста не рэгіструюцца ў цэнтрах занятасці праз дрэнныя ўмовы, якія прапануе дзяржава.

— Вы пойдзеце рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, ведаючы, што вам некалькі дзён у месяц трэба будзе адпрацоўваць замест дворніка для таго, каб за месяц вам заплацілі 28 або 30 рублёў? Думаю, не пойдзеце. Таму колькасць беспрацоўных скарачаецца ў афіцыйным вылічэнні, хоць на самай справе іх, вядома, значна больш.

Яшчэ адзін удар па рынку працы — адсутнасць інвестыцый, адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук. У дзяржавы не стае грошай, каб укладваць у стварэнне прывабных працоўных месцаў. Акрамя таго, нават уліванне грошай у якія-небудзь сферы звычайна не прыносіць поспехаў. У бізнесу ва ўмовах пастаяннага ўзмацнення жорсткасці ўмоў мала зацікаўленасці ў інвестыцыях.

Асабліва цяжка з добрымі працоўнымі месцамі ў рэгіёнах.

“Не рынок труда, а принуждение”: на работу идут от отчаяния или мигрируют
Не відаць прычын, з якіх беларусы перастануць з'язджаць на заробкі за мяжу / Еўрарадыё

На фоне таго, што ў Германіі, Польшчы, ЗША і іншых краінах расце попыт на кадры, міграцыя будзе працягвацца, адзначае Яраслаў Раманчук. А беларуская эканоміка будзе падаць. Бо ранейшага попыту на сыравінныя рэсурсы няма.

— Гаварыць пра тое, што нейкія новыя крыніцы росту з'явяцца, не даводзіцца. Актывы па калійных угнаеннях, нафтапрадуктах, металах будуць пераходзіць у рукі расіян, таму што кіраваць імі ўнутры краіны ў такім рэжыме ніхто не зможа. Тут фінальная стадыя загнівання ваеннага камунізму.

Колькі яна працягнецца, залежыць ад таго, колькі людзей застанецца. Калі ўнукі скажуць наменклатурна-сілавым начальнікам: "Дзядуля ці бабуля, я ў тваім калгасе ці казарме жыць не хачу". На мой погляд, іншых матываў нешта мяняць яны [ўлады. — Еўрарадыё] ўжо даўным-даўно не маюць.

На думку Льва Марголіна, у лепшым выпадку беларускую эканоміку чакае стагнацыя, а ў горшым — эканамічны крызіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі