Навагодняя прамова Лукашэнкі. Ці сказаў ён нешта новае?

president.gov.by
president.gov.by

Навагодняга звароту Аляксандра Лукашэнкі беларусы чакалі з хваляваннем. Мяркуйце самі: запісваць яго трэба было на фоне праблемных перамоў у Маскве, рэзкіх заяў рознай ступені адэкватнасці ад расійскіх палітыкаў і дэпутатаў, якія не-не ды і прагаворваліся пра свае вільготныя імперскія мары далучыць Беларусь да Расіі.

Напярэдадні звароту прэс-служба Лукашэнкі распавяла, што навагодняя прамова перапісвалася пяць разоў. Телеграм-каналы стракацелі самымі рознымі чуткамі. Адны чакалі ад кіраўніка Беларусі звароту па-беларуску з заклікам бараніць незалежнасць краіны са зброяй у руках. Іншыя — што ён, як у свой час прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын, выкарыстае зручны момант, каб сказаць: "Я стаміўся, я сыходжу". Усе чакалі чагосьці магутнага. Адным словам — Прамовы.

Дзіўная наіўнасць.

Рэальнасць аказалася празаічнай. Прамова Аляксандра Лукашэнкі стала самай кароткай за апошнія дзесяць гадоў — усяго 467 слоў. Для прыкладу, прамова ў ноч з 2014-га на 2015-ы — 814 слоў, а з 2017-га на 2018-ы — 542 словы.

Зварот атрымаўся туманным і расплывістым. Па сутнасці, ён, як пазл, сабраны з кавалкаў папярэдніх навагодніх зваротаў. Акрамя згадкі "трылогіі Малой радзімы" і II Еўрапейскіх гульняў, практычна ніякай прывязкі да бягучых падзей у прамове не было. І нават у гэтай абстрактнасці няма нічога новага, але з-за высокіх чаканняў людзі аказаліся расчараванымі.

 

Захаванне дзяржаўнасці і ўмацаванне краіны

У першай частцы навагодняй прамовы Лукашэнка згадаў "ўмацаванне дзяржаўнасці" і "захаванне краіны":

2018-2019: "Але асаблівую цеплыню сваіх слоў я накіроўваю вам, працаўнікам палёў і заводаў, нашай інтэлігенцыі, абаронцам Айчыны, старэйшаму пакаленню. Усім, хто стварыў на цудоўнай беларускай зямлі першую суверэнную і незалежную дзяржаву, працягвае ствараць яе сучаснасць. Мы павінны ўмацаваць сваю дзяржаўнасць на прынцыпах сумленнасці і справядлівасці і менавіта такой захаваць краіну для дзяцей і ўнукаў".

У сацсетках адразу ж узяліся пісаць, што кіраўнік Беларусі адказаў на прэтэнзіі Расіі, зрабіўшы акцэнт на суверэнітэце. Аднак у гэтым "адказе" няма ніякай сенсацыі, бо падобныя словы Лукашэнка кажа кожны год:

2017-2018: "Менавіта за такую ​​краіну — свабодную, незалежную — нашы продкі змагаліся, каб мы, тыя, што жыве на гэтай зямлі, былі тут сапраўднымі гаспадарамі. Пераемнасць, павага да заслуг кожнага чалавека, роўнасць і справядлівасць — асноўныя прынцыпы нашай дзяржавы".

2016-2017: "Я веру ў вас і спадзяюся, што вы знойдзеце сваë месца ў роднай Беларусі, годнае прымяненне талентам і здольнасцям. Атрыманы 25 гадоў таму суверэнітэт сёння ў вашых руках, і ад вас цяпер залежыць будучы росквіт Айчыны".

2015-2016: "Мы не маем права страціць нашы галоўныя каштоўнасці — згоду ў грамадстве, адзінства народа і суверэнітэт краіны".

 

Пра тых, хто на пасту

Новогодняя речь Лукашенко. Сказал ли он что-то новое?
ont.by

Многія звярнулі ўвагу, што ў гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў "тых, хто на пасту":

2018-2019: "Я не магу абысці ўвагай тых, хто цяпер на пасту: захавальнікаў нашых жыццяў, людзей, якія забяспечваюць ваенную і эканамічную бяспеку Беларусі. Вялікі вам дзякуй за службу і адданасць справе!"

Аднак і гэтыя словы ў розных варыяцыях вандруюць з адной навагодняй прамовы Лукашэнкі ў іншую:

2017-2018: "Галоўным здабыткам беларускай зямлі былі і застаюцца людзі. За ўсімі дасягненнямі стаіце менавіта вы — разумныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя. Тыя, хто штодня змагаецца за жыццё і здароўе кожнага свайго пацыента. Хто стаіць на варце закона і парадку, ахоўвае межы, забяспечвае абарону і бяспеку нашай краіны, займае дзяржаўныя пасады. Хто працуе ў шахтах і завадскіх цэхах, на будаўнічых пляцоўках і ў сельскай гаспадарцы. Хто гадуе і выхоўвае дзяцей, паспяхова перадае веды школьнікам і студэнтам, прасоўвае навуку. Хто сваёй творчасцю ці спартыўнымі поспехамі праслаўляе Радзіму. Асобныя віншаванні тым, хто сустракае Новы год не за сямейным сталом, а на працоўным месцы. Няхай гэтая ноч будзе для вас спакойнай і святочнай".

2016-2018: "У гэтыя імгненні сыходзячага года выказваю словы глыбокай удзячнасці ўсім вам, маім суайчыннікам. Дзякуй за самаадданую працу ў заводскім цэху і на хлебнай ніве, ля школьнай дошкі і за аперацыйным сталом, на чыгуначных лініях і за штурваламі самалëтаў, у канструктарскіх бюро і лабараторыях, на будоўлі і ў лясной гаспадарцы, у шахце і на баявым дзяжурстве".

2015-2016: "Ад усёй душы віншую:

ветэранаў, пажылых людзей, якія абаранілі і якія паднялі з руін нашу Радзіму, якія стварылі фундамент яе развіцця;

рабочых, сялян, будаўнікоў, інжынераў, навукоўцаў, якія сваёй працай памнажаюць багацце краіны;

лекараў і настаўнікаў, хто дарыць нам здароўе фізічнае і духоўнае;

радавых і афіцэраў, усіх, хто служыць дзяржаве, аберагае незалежнасць, мір і парадак у Беларусі!"

 

Мірнае неба для беларусаў

Яшчэ адна важная тэма — антываенны пафас, мір у краіне.

2018-2019: "Для кожнага з нас ён склаўся па-рознаму. Мы гублялі родных і блізкіх, набывалі новых сяброў, нараджалі і гадавалі дзяцей. Усё, як звычайна ў жыцці. Але галоўнае —- мы захавалі мірнае неба для беларусаў і ў вачах нашых дзяцей няма страху і безвыходнасці ад вайны. Давайце ўсе разам берагчы гэтую найвялікшую каштоўнасць".

Але і ў гэтым пасажы няма нічога новага. Упершыню ў гэтым дзесяцігоддзі словы пра мір прагучалі ў навагодняй прамове ў ноч з 2013 на 2014 год, у разгар украінскай "Рэвалюцыі годнасці". І, у тым ці іншым выглядзе, прысутнічалі ва ўсіх наступных прамовах.

2016-2017: "Захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але мы гэта зрабілі, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян!"

2015-2016: "У гэтай абстаноўцы мы яшчэ вастрэй адчуваем велізарную каштоўнасць спакою, міру і згоды ў нашай краіне. На вялікае шчасце, у нас атрымліваецца зберагчы Беларусь ад войнаў, тэрарызму і ўнутранай смуты. Дапамагае нам у гэтым і гістарычная памяць народа, які перажыў неймаверныя пакуты і незаменныя страты".

2014-2015: "Галоўная каштоўнасць, за якую мы павінны быць удзячныя лёсу, — гэта мір. Мір у нашых сем'ях, у нашай краіне, у адносінах паміж людзьмі. Сыходзячы год раптоўна і трагічна даказаў нам сапраўдную каштоўнасць міру. Ён паказаў усім нам: любыя жыццёвыя праблемы адыходзяць на задні план, пачынаюць здавацца дробнымі і неістотнымі тады, калі рвуцца снарады, свішчуць кулі і льецца кроў".

2013-2014: "Людзям у пагонах, якія аберагаюць мір, закон і парадак. Усім, хто ўносіць сваю лепту ў будаўніцтва нашага агульнага беларускага дома. Давайце ў наступным годзе будзем шанаваць і берагчы адзін аднаго, даючы прыклад нашым дзецям. Бо свет стаіць не на сланах і кітах, як думалі ў старажытнасці. І не на грошах, як некаторыя думаюць цяпер. Ён ад веку стаяў і трымаецца цяпер на любові і клопаце. І навагодняя ноч — самы час успомніць пра гэта. Міру, дабра і любові вам, дарагія сябры!"

 

Сто гадоў БССР

У канцы сваёй прамовы Лукашэнка, "узіраючыся ў абрысы 2019 года", распавядае, якія памятныя даты і падзеі чакаюць краіну:

"Гэта год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта год 25-годдзя Асноўнага закона Беларусі. II Еўрапейскія гульні".

Лукашэнка не згадаў ні пра 100-годдзе абвяшчэння БССР, ні пра 25-годдзе беларускай дзяржаўнасці. Няёмка атрымалася.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 02.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі