На вокладцы школьнага дзённіка пераблыталі віцебскі і магілёўскі саборы

На вокладцы школьнага дзённіка пераблыталі віцебскі і магілёўскі саборы

У рэдакцыю партала tut.by звярнулася маці школьніка з Магілёва, якая купіла сыну дзённік да новага навучальнага года. На вокладцы дзённіка кожная вобласць была прадстаўленая якой-небудзь славутай мясцінай. Аднак Магілёўшчына, як заўважыла жанчына, была праілюстраваная Свята-Успенскім кафедральным саборам Віцебска. Віцебскую вобласць ілюструе амфітэатр, дзе штогод праходзіць фэст "Славянскі базар".

Дзённік быў надрукаваны накладам 50 тысяч асобнікаў. Дырэктар ААТ "Палесдрук" Аляксандр Курыленка кажа, што дызайн вокладкі ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі: "Што вы хочаце, каб мы адклікалі наклад? Як мы гэта зробім, калі людзі ўжо іх купілі? Усярэдзіне дзённік нармальны. Давайце не будзем ствараць ажыятаж. Калі нехта звернецца да нас, мы папросім прабачэння, заменім чытачцы дзённік".

У Міністэрстве адукацыі журналістам заявілі, што ніякай памылкі на вокладцы няма. Магілёўскую вобласць, маўляў, прадстаўляе Падмікольская царква, якая знаходзіцца на Магілёўшчыне. Па словах прадстаўнікоў Мінадукацыі, якія перадае tut.by, будаваў царкву той самы архітэктар, што і сабор у Віцебскай вобласці, таму будынкі падаюцца падобнымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі