5000 рублёў "на іспыты" — мінская школьніца расказала пра зборы з выпускнікоў
Зборы на працу выпускной камісіі / допіс у Threads
Мінская школьніца расказала ў сацсетках, як бацькоўскі камітэт і класная кіраўніца сабралі з вучняў амаль 5 тысяч рублёў — "на іспыты". На гэтыя грошы для экзаменацыйнай камісіі набывалі "прадукты харчавання ў неймаверных колькасцях" — садавіну, сокі, пірагі ды шмат чаго іншага.
"Не спрачайся з класнай кіраўніцай. Яе кулінарныя сувязі з камісіяй вырашаюць больш, чым усе твае веды за дзевяць гадоў", — іранізуе выпускніца.
Дзяўчына піша, што ўлетку здавала выпускныя іспыты ў 9 "Б" класе мінскай сярэдняй школы №66.
Яна дадае, што пасля другога іспыту закупкі спыніліся, бо пра іх даведалася дырэктарка. "Харчовая лавачка" закрылася — і астатнія іспыты вучні без праблем здалі "бясплатна".