Вы тут

На Сяргея Ціханоўскага распачалі новую крымінальную справу

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё

На палітвязня, блогера Сяргея Ціханоўскага ("Краіна для жыцця") распачалі новую крымінальную справу — за перашкоду выбарам, паведамляе spring96.org. Раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што падала на блогера заяву ў Следчы камітэт. У яго дзеяннях яна пабачыла пагрозу для сябе.

Гаворка ідзе пра артыкул 191-ы КК "Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў...". Ціханоўскаму пагражаюць грамадскія працы, або штраф, ці папраўчыя працы — да 2 гадоў, ці абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тыя ж тры гады.

Ціханоўскі з 29 траўня знаходзіцца за кратамі — яго затрымалі пасля правакацыі ў Гродне і прывезлі ў Мінск. Была распачата крымінальная справа па факце "арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

16 чэрвеня жонка Сяргея Ціханоўскага Святлана Ціханоўская заявіла, што яна атрымлівае пагрозы — яе прымушаюцца зняцца з прэзідэнцкай гонкі. Аднак яна вырашыла не здымацца. "Толькі так я магу дапамагчы мужу", — заявіла патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.