На судах у Мінску штрафуюць абаронцаў незалежнасці

На судах у Мінску штрафуюць абаронцаў незалежнасці

У Мінску 8 студзеня аднавіліся суды над удзельнікамі акцыяў у абарону незалежнасці Беларусі, якія прайшлі ў снежні 2019 года.

Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", Алена Талстая аштрафаваная на 1350 рублёў (50 базавых велічыняў). Віктара Савіча ў яго адсутнасць асудзілі за ўдзел у акцыях 7, 20 і 21 снежня — штраф у 675 рублёў (25 б.в.). Вячаслава Касінерава і яго жанку Марыну аштрафавалі на 810 рублёў кожнага (30 б.в.). 

Колішняга дэпутата Вярхоўнага савета Сяргея Антончыка за акцыю 20 снежня асудзілі на 810 рублёў (30 б.в.). Як адзначыў у Фэйсбуку яго былы калега, журналіст Сяргей Навумчык, пенсія Антончыка ўтрая меншая за гэты штраф. 

Актывіста кампаніі Legalize Belarus, экс-кандыдата ў дэпутаты Міхася Варанцова таксама аштрафавалі на 810 рублёў (30 б.в.). Пісьменніку Мікалаю Трафімчуку прызначылі штраф у 540 рублёў (20 б.в.). Святару Леаніду Акаловічу давядзецца заплаціць штраф у 810 рублёў (30.б.в.). 

Толькі ў працэсе актывісткі "Моладзевага блоку" Аланы Гебрэмарыям абвешчаны перапынак да 15:00. У 15:20 стала вядома, што сведкі-міліцыянты на працэс не з'явіліся. Суддзя адправіла пратакол у РУУС на дапрацоўку і выпраўленне недахопаў. 

Дарэчы, калі б суды над удзельнікамі акцыяў скончыліся да Новага года, яны б заплацілі меншыя штрафы. З Новага года базавая велічыня павялічылася з 25,5 рубля да 27 рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі