На дзяцей да 7 гадоў не будуць налічваць плату за ліфт і прыборку пад'езда

На дзяцей да 7 гадоў не будуць налічваць плату за ліфт і прыборку пад'езда

У Беларусі зменены парадак налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Змены ўнесеныя пастановай Савета міністраў №233 ад 23 сакавіка 2016 года, перадае БЕЛТА.

Так, сродкі ад платы за капітальны рамонт будуць залічвацца толькі на спецыяльныя рахункі, адчыненыя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Гэта робіцца для таго, каб гэтыя сродкі не былі выкарыстаныя на іншыя мэты, не звязаныя з правядзеннем капрамонту жыллёвага фонду.

Плата за ваду і каналізацыю па субсідаваных тарыфах у межах нормаў (140 л у суткі) будзе налічвацца па выбары грамадзян — па месцы рэгістрацыі або па месцы знаходжання на падставе пісьмовай заявы. Тое самае датычыць і цвёрдых камунальных адкідаў.

Калі ў кватэры не зарэгістраваныя ўласнік або наймальнік, налічэнне платы за паслугі цеплазабеспячэння па субсідаваных тарыфах для насельніцтва, а таксама неналічэнне платы за тэхабслугоўванне ліфта, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, за электраэнергію пад'ездаў і працу абсталявання будзе рабіцца наступным катэгорыям грамадзян: непаўналетнім дзецям, над якімі ўстаноўленая апека, у тым ліку тым, якія выехалі для пражывання па месцы жыхарства апекуна; тым, хто праходзіць ваенную службу або службу ў рэзерве, ваенныя або спецыяльныя зборы, курсантам ваенна-навучальных устаноў; тым, хто навучаецца вочна ў аспірантуры, дактарантуры або праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры, у іншых гарадах, а таксама тым, хто вочна навучаецца ў навучальных установах у іншых гарадах; тым, хто выехаў у сельскія населеныя пункты для працы ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы сяла; дзяржслужбоўцам, якія пражываюць у жылых памяшканнях камерцыйнага выкарыстання, у тым ліку з членамі сям'і; тым, хто выбыў на працу паводле працоўнай дамовы ў арганізацыі, размешчаныя ў раёнах, заражаных радыяцыяй пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пенсіянерам і інвалідам будуць налічваць плату за электраэнергію па субсідаваных тарыфах у жылых памяшканнях, дзе яны зарэгістраваныя па месцы знаходжання.

Дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў вызваляць ад платы за тэхабслугоўванне ліфта, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, ад пакрыцця выдаткаў на электраэнергію для працы ліфтаў. Акрамя таго, ад платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфта і электраэнергію на рух ліфта вызваляюцца грамадзяне, якія па стане здароўя не могуць карыстацца ліфтам (у адпаведнасці з пералікам Міністэрства аховы здароўя). Плата за тэхабслугоўванне ліфта і пакрыццё выдаткаў на электраэнергію на працу ліфтаў будзе налічвацца пачынаючы з другой прыпыначнай пляцоўкі ліфта.

Для жылых памяшканняў, якія здаюцца грамадзянамі на суткі (для часовага пражывання), плата за жыллёва-камунальныя паслугі будзе налічвацца па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Пастанова замацоўвае магчымасць налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі па выбары грамадзян — альбо ў адпаведнасці з нормамі пастановы, альбо па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі