Вы тут

На чыгунцы ёсць адмысловая супрацоўніца, якая мяняе мову ў тэрміналах на рускую?

Тэрміналы / Еўрарадыё

Мінчук Андрэй Мядзведзеў сфатаграфаваў на мінскім чыгуначным вакзале супрацоўніцу Беларускай чыгункі, якая мяняе мову на тэрміналах па продажы квіткоў з беларускай на рускую.

Дзяўчына расказала, што яе прыставілі да тэрміналаў, бо “некаторыя не разумеюць [беларускую мову] і сыходзяць”. “Нам гэта не выгадна”, — рэзюмавала яна.

Нядаўна на вакзале паставілі тэрміналы па продажы квіткоў на рэгіянальныя і гарадскія лініі. Там тры мовы: беларуская, руская і англійская. Пасля набыцця квітка тэрмінал не “абнуляецца” да экрана выбару моў — наступны кліент выбірае напрамак на той жа мове, што і папярэдні.

Фота Андрэя Мядзведзева

У людзей, якія не разумеюць, што працуюць на беларускай мове, могуць узнікнуць праблемы — напрыклад, са станцыяй “Зялёнае”. Па-беларуску назва станцыі адрозніваецца ад рускамоўнай (“Зелёное”). Набраўшы “Зел…” у беларускім інтэрфейсе, кліент атрымае паведамленне, што такіх станцый няма.

Калі журналіст Еўрарадыё прыйшоў на чыгуначны вакзал, “дзяжурнай па тэрміналах” ён не заўважыў. На тэрміналах была выбрана руская мова.

У адміністрацыі Беларускай чыгункі адмаўляюць, што загадалі сваёй супрацоўніцы пераключаць мову тэрміналаў па продажы квіткоў на рускую.

“Не бачу ў гэтым сэнсу. Ніхто яе не ўпаўнаважваў на гэтыя дзеянні. І нават не ведаю, хто па пасадзе гэтая Анастасія Мінко [такія імя і прозвішча былі на бэджыку ў дзяўчыны. — Еўрарадыё]. Мы такую пазіцыю ні ў якім разе не падтрымліваем, — расказвае Еўрарадыё начальнік сектара ідэалогіі мінскага аддзялення БЧ Аксана Сморгава. — Кожны грамадзянін у нас мае права выбіраць, на якой мове ён хоча працаваць з аўтаматам. Такіх распараджэнняў быць не можа. Трэба з гэтым разабрацца”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.