Вы тут

На беларускім аўкцыёне за $800 прадаецца праца настаўніка Марка Шагала

Фота: ay.by

На інтэрнэт-аўкцыёне ay.by выстаўленая на продаж карціна Юдэля Пэна — вядомага віцебскага мастака пачатку ХХ стагоддзя, настаўніка Марка Шагала. Дакладней, аўтарства карціны прыпісваецца Юдэлю Пэну.

Той, хто выставіў лот, сцвярджае, што праца прайшла “экспертызу дзяржаўнай установы Рэспублікі Беларусь”. Пасля дадаў, што экспертызу праводзілі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але адсканаваны дакумент не паказвае.

Продаж карціны пачаўся з аднаго рубля. За суткі цана паднялася ў 1650 разоў! Але гэта не шмат: у Расіі за працы Пэна просяць $90 тысяч.

"Рабін"

У аддзеле сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Еўрарадыё распавялі, што перыядычна адказваюць на запыты наконт карцін Пэна:

"Перыядычна нам прывозяць на атрыбуцыю працы Пэна. У мінулым годзе, дакладную дату не скажу, нам прывозілі Пэна. На жаль, не памятаем, які вынік тады паказала атрыбуцыя. Але, увогуле, бывае па-рознаму. У тым ліку, і што аўтарства таго ці іншага мастака пацвердзіцца".

Дык, можа, Нацыянальны мастацкі музей набудзе карціну Пэна для сваёй калекцыі?

Намеснік генеральнага дырэктара музея Аляксей Харак распавёў Еўрарадыё, што яны зацікаўленыя ў гэтым, аднак з аўкцыёнамі не працуюць:

"У нас няма такой практыкі, каб Нацыянальны мастацкі музей удзельнічаў у аўкцыёнах. Мы зацікаўленыя ў папаўненні, але ў нас закупкі за кошт дзяржаўных сродкаў, таму мы працуем з уладальнікамі ці з праваўладальнікамі, і так папаўняем свае калекцыі.

Калі б яе да нас прынеслі, яна нас задаволіла б і ў нас былі б сродкі для яе пакупкі, мы б яе купілі. Тым больш, што я ўзгадваю, што ў мінулым годзе нам прыносілі падобную па апісанні карціну Юдэля Пэна. Аднак я яшчэ тады не быў намеснікам дырэктара і не ведаю, ці прапаноўвалі нам яе купіць".

Дарэчы, Нацыянальны мастацкі музей кожны год праводзіць тэндар на закупку “арыгіналаў твораў жывапісцаў, графікаў і скульптараў”. У 2018 годзе на 30 прадметаў мастацтва вылучана 60 тысяч рублёў.

Працу Пэна “адрэстаўравлі” па знаёмстве і спрабуюць прадаць ужо 10 гадоў?

У абмеркаванні лота з’явіўся цікавы каментарый, які неўзабаве выдалілі мадэратары. Карыстальнік пад нікам "kalyan-masters" сцвярджае, што карціна Пэна, пра якую ідзе гаворка, была на ⅔ разбураная. Па знаёмстве яе адрэстаўравалі, і спрабуюць прадаць апошнія дзесяць гадоў:

Дакладнасць звестак, выкладзеных у гэтым каментарыі, натуральна, выклікае сумневы. Як, пакуль што, і сапраўднасць карціны, выстаўленай на аўкцыён.

Белгазпрамбанк: Юдэль Пэн не падпадае пад нашы крытэрыі

Куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка і кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Зіменка распавёў Еўрарадыё, што Юдэль Пэн — па-за інтарэсамі банка:

"Нам прапаноўвалі гэтую працу Юдэля Пэна. Але справа ў тым, што Юдэль Мойшавіч Пэн не нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нягледзячы на ​​тое, што ён аказаў прынцыпова важны ўплыў на развіццё не толькі Марка Шагала, але і ў цэлым на Віцебскую мастацкую школу, ён не падпадае пад нашы крытэрыі.

У нас яны даволі простыя: аўтар павінен нарадзіцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, унесці ўклад у развіццё беларускага мастацтва і не быць прадстаўленым у дзяржаўных і прыватных калекцыях. Працы Юдэля Мойшавіча добра прадстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі і ён не нарадзіўся ў межах сучаснай Беларусі. Адзінае, што мы маглі тут зрабіць — звярнуць увагу нашых калег з Музея першага народнага мастацкага вучылішча ў Віцебску".

Да канца таргоў засталося пяць дзён. Дзяржаўны музей з аўкцыёнамі не працуе, а буйны прыватны калекцыянер у лоце не зацікаўлены. Хто набудзе карціну Пэна, і ці застанецца яна ў Беларусі? Адзіная надзея — на Музей першага народнага мастацкага вучылішча ў Віцебску.