Мужчына, якому праламалі чэрап: Суседа прызналі вінаватым, але не пакаралі

У Барысаве закрыта гучная крымінальная справа, калі мужчыну праламалі чэрап, а яго крыўдзіцель пазбегнуў адказнасці і нават не сплаціў штраф.

Сам упаў — а там кулак: чаму падрабязнасці гэтага здарэння многіх абурылі?

Нагадаем, што выпадак здарыўся ўлетку 2012 года ў Барысаве. Праграміст Андрэй Голубеў прыехаў дадому з Масквы на Дзень Рэспублікі. Каля пад’езда ён паспрачаўся з нашмат маладзейшым суседам і яго айчымам. У выніку праграміст апынуўся на асфальце без прытомнасці, акрываўлены, з пераломам галавы.

Згодна з меркаваннем міліцыі, адбылося нешчаслівае здарэнне, таму нікога да адказнасці не прыцягнулі. Толькі праз паўгода справай заняўся Барысаўскі райаддзел Следчага камітэта. Абвінавачванні кваліфікавалі не як “наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў”, а як “нанясенне па неасцярожнасці”. Але і па такім ліберальным артыкуле праваахоўнікі арганізавалі цяганіну (гэты факт прызнаны афіцыйна). У выніку сплылі тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Справа канчаткова закрытая

Пасля шматлікіх скаргаў сям’і пацярпелага ў канцы верасня 2014 года крымінальная справа зноўку была прынятая да вытворчасці. І вось што з гэтага атрымалася.

“Барысаўскім райаддзелам Следчага камітэта прынятае рашэнне аб спыненні папярэдняга расследавання з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці”, — паведамляюць Еўрарадыё ва Упраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Выходзіць, абвінавачаны зноўку выйшаў сухім з вады.

“Не зусім так. Спачатку справа закрывалася з фармулёўкай “адсутнічае склад злачынства”. То бок сусед быў цалкам невінаваты. А цяпер справу закрылі такім чынам, што ён застаецца на волі, але віна з яго не здымаецца, — апавядае пацярпелы Андрэй Голубеў.Ён вінаваты па артыкуле 155, таму цяпер мы можам падаваць позву ў суд для кампенсацыі маральных стратаў і стратаў на лячэнне. Цяпер рыхтуюцца адпаведныя паперы”.

Абвінавачаны сусед: “Ён зрабіў два крокі назад і сам упаў”

Пасля выхаду сюжэта Еўрарадыё аб гэтай крымінальнай барысаўскай гісторыі на сувязь выйшаў і сам абвінавачаны сусед А. Даём яму слова.

“Ён быў увогуле шалёна нецвярозы. Ён пачаў пагражаць майму айчыму, каб той вёз яго ў цэнтр горада. Мы сказалі, каб ён не крычаў, — распісвае абвінавачаны А. сваю версію здарэння. — Ён мяне схапіў за горла, рэфлекторна я яго адштурхнуў. Ён зрабіў два крокі назад і сам упаў. Калі б вы ўважліва паставіліся да ўсяго, вы б пабачылі, што справы неаднойчы закрываліся. І я лічу, што ўмешвацца ў маё асабістае жыццё нельга. Калі не будзе абвяржэння, напэўна, я буду падаваць у суд”.

Цягам гутаркі абвінавачаны неаднаразова папікаў пацярпелага, што той выпівоха, недавучка і правапарушальнік — хаваўся ад выплаты аліментаў. Усе гэтыя факты не знайшлі пацверджання. Пра нейкія іншыя магчымыя грахі Андрэя Голубева міліцыя ў рэдакцыю Еўрарадыё не паведаміла. 

Хто адкажа за цяганіну?

Гэтая барысаўская гісторыя паказала, як няпроста бывае разабрацца ў сітуацыях, якія могуць здарыцца з кожным з нас. Спачатку крымінальную справу паўгода не хацелі распачынаць, нягледзячы на тое, што чалавек, ледзь выжыўшы, часткова страціў слых і магчымасць адчуваць пахі ды смак. Потым мінуў тэрмін даўнасці.

Павінен жа нехта за гэта адказваць!

Цікавімся ў Следчым камітэце, ці праводзілася праверка дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і ці займаюць людзі ў пагонах, якія займаліся расследаваннем, свае ранейшыя пасады.

У адказе з Упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці такой інфармацыі не падалі. Таму яшчэ раз даем слова пацярпеламу Андрэю Голубеву:

“Хто, на вашую думку, вінаваты ў цяганіне, якая дазволіла суседу ўнікнуць адказнасці?”

“Найперш усё пачалося з участковага К. Ён не хацеў слухаць жыхароў дома, не хацеў гутарыць з маёй маці, дурыў галаву мне. На месца здарэння не было арганізавана своечасовага выезду брыгады. Усё было прадстаўлена як звычайная бытавая траўма. Праз міліцыю мы страцілі паўгода, — пералічвае пацярпелы. — Потым у Следчым камітэце справу аператыўна і грунтоўна расследавалі і падрыхтавалі для перадачы ў суд. Да гэтых следчых я не маю прэтэнзій. Але былы намеснік раённага пракурора З. нечакана завярнуў справу назад. Дарэчы, праз нейкі час ён перайшоў працаваць у Следчы камітэт. Пасля таго як справу завярнулі, пачалася цяганіна з боку следчай М. і яе начальства, паперы ўпарта не адпраўлялі ў суд і давялі да таго, што скончыліся тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Яшчэ адзін намеснік начальніка СК вынес няправільнае рашэнне аб тым, што “няма складу злачынства”. І справу закрылі з надуманых прычынаў. Нягледзячы на абсалютна адэкватныя факты. Ну і, адпаведна, у розных праваахоўных органах пайшло, як снежны ком, пакрывальніцтва. Хацелася б, каб вінаватыя за свае ўчынкі адказалі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі