МУС: Telegram — гэта толькі інструмент, а адміністратар канала нясе адказнасць

МУС: Telegram — гэта толькі інструмент, а адміністратар канала нясе адказнасць

Сацсеткі і Telegram-каналы не нясуць пагрозы самі па сабе, бо яны толькі інструмент, спосаб перадачы інфармацыі. Але адміністратар Telegram-канала нясе адказнасць за ўсе дзеянні ў Сеціве. Пра гэта першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 29 ліпеня.

"Ставіць пытанне з тэорыі змоваў або знешнюю нейкую пагрозу пра тое, што вось нам пагражае Telegram і давайце мы яго закрыем, — непрафесійна ў прынцыпе. Гэта інструмент", — патлумачыў Казакевіч.

Па яго словах, большае значэнне маюць людзі, якія за імі стаяць: адміністратары Telegram-каналаў, іх замоўцы і г.д. Папулярнасць такіх каналаў намеснік міністра патлумачыў уяўнай ананімнасцю і непразрыстасцю карыстальнікаў.

"Карыстальнік, мяркуючы, што ён ананімны, не апазнаны, не распазнаны, думае, што з яго здымаюцца ўсе забароны. З прававога пункту гледжання ўсё адно, як ты заклікаеш да масавых беспарадкаў: стоячы на плошчы або ўладкаваўшыся ў зручным фатэлі дзе-небудзь за мяжой або ў сябе на дачы. Важна, што ты гэта робіш", — заявіў міліцэйскі чыноўнік.

Ён дадаў, што адміністратар Telegram-канала нясе адказнасць за ўсе дзеянні ў Сеціве: "Калі ён заклікае да любога парушэння грамадскага парадку, мы дастаткова эфектыўна яго знаходзім і спыняем падобныя з'явы як на стадыі зараджэння, так і на стадыі рэалізацыі".

Казакевіч падкрэсліў, што Telegram-каналы выкарыстоўваюцца для "каляровых рэвалюцый". 

"Канчатковая мэта, з аднаго боку, спарадзіць недавер, а потым непавагу і нянавісць насельніцтва, ну, дапусцім, да праваахоўных органаў — гэта самае простае. І канчатковая мэта — дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, прывесці да развалу нацыянальнай дзяржаўнасці", — заявіў намеснік міністра. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі