Вы тут

Мінспорту: магчымасць выступлення расіян за беларускую зборную не разглядаем

Reuters

У Беларусі не вывучаецца магчымасць выступлення расійскіх спартсменаў за беларускія нацыянальныя каманды. Пра гэта by.tribuna.com заявілі ў Мінспорту нашай краіны.

Як інфармавала Еўрарадыё, 9 снежня выканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва адхіліў Расію за парушэнні на чатыры гады ад Алімпіяды і чэмпіянатаў свету. Расійскія спартсмены атрымаюць магчымасць выступаць на спаборніцтвах пад нейтральным сцягам у выпадку, калі змогуць даказаць, што за сваю кар'еру не прымалі допінг.

Такое рашэнне WADA чакалася, таму раней расійскія спартсмены і журналісты выказвалі меркаванні, што расіяне маглі б выступаць за беларускую ці за казахстанскую зборныя. Аднак у Мінску чыноўнікі пакуль робяць выгляд, што іх гэтае пытанне не цікавіць.

Як вядома, зборная Расіі прапускае летнюю Алімпіяду 2020 года ў Токіё, зімовую Алімпіяду 2022 года ў Пекіне, футбольны чэмпіянат свету-2022 у Катары, Універсіяды 2021-га і 2023 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.