Расія адхілена ад Алімпіяды на чатыры гады

Расія адхілена ад Алімпіяды на чатыры гады

Расія адхілена ад Алімпіяды на чатыры гады. Такое рашэнне 9 снежня прыняў выканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), які збіраўся ў Лазане, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Таксама Расія застаецца на той жа тэрмін без чэмпіянатаў свету. Наша ўсходняя суседка не зможа прымаць буйныя міжнародныя турніры. Расійскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) было прызнана не адпаведным антыдопінгаваму кодэксу.

Расійскія спартсмены змогуць выступаць на спаборніцтвах пад нейтральным сцягам у выпадку, калі змогуць даказаць, што за сваю кар'еру не прымалі допінг.

Прычынай адхілення Расіі ад Алімпіяды і чэмпіянатаў свету стала сур'ёзнае парушэнне — незалежныя эксперты высветлілі, што ў базу Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі з вынікамі даследаванняў расійскіх спартсменаў за 2012-2015 гады былі ўнесены змены.

Чатыры гады таму WADA ўжо вінаваціла Расію ў парушэннях антыдопінгавых правілаў і ўводзіла санкцыі. Статус РУСАДА быў адноўлены восенню 2018-га. Як бачым, ненадоўга.

На якія спаборніцтвы не паедзе зборная Расіі? На летнюю Алімпіяду 2020 года ў Токіё, на зімовую Алімпіяду 2022 года ў Пекіне, на футбольны чэмпіянат свету-2022 у Катары, на Універсіяды 2021-га і 2023 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі