Мінсельгасхарч замовіў абслугоўванне акварыума на 1000 еўра

Мінсельгасхарч замовіў абслугоўванне акварыума на 1000 еўра

На сайце дзяржзакупак з'явіўся тэндар ад Міністэрства сельскай гаспадаркі. Сярод звычайных закупак увагу прыцягвае незвычайная пазіцыя "Абслугоўванне акварыума". За год Міністэрства сельскай гаспадаркі плануе патраціць на гэта 2000 рублёў.

Ігар Садоўскі, адказны за закупкі ў Мінсельгасхарчы, прызнаецца Еўрарадыё, што гэта не нейкі спецыфічны акварыум з новай пародай карпаў ці карасёў, а самы звычайны. І стаіць ён у прыёмным пакоі міністра: "Звычайны дэкаратыўны акварыум з рыбкамі. Сума, як вы разумееце, арыенціровачная. У залежнасці ад таго, як будзе праходзіць працэдура падчас пошуку выканаўцаў паслуг, кошт можа змяншацца. Ці можа павялічыцца? Не думаю. Мы гэтыя паслугі разава праводзім і заўсёды стараемся зменшыць суму. Таму што тады можам пераразмеркаваць гэтыя сродкі і выкарыстаць для іншых мэтаў".

 

Мінсельгасхарч замовіў абслугоўванне акварыума на 1000 еўра

Крыху больш пра акварыум, абслугоўванне якога абыходзіцца падаткаплатнікам у 1000 еўра, расказала сакратарка, якая працуе ў прыёмным пакоі міністра: "Праўда, стаіць. А навошта вам? Не ведаю, колькі там рыб. Яны там плодзяцца самі як хочуць. Шмат іх там плавае, палова хаваецца. Як іх падлічыць? Кормам для рыбак кормім. Аб'ём яго таксама дакладна не ведаю. Вялікі акварыум, літраў 300-400".

Дзякуючы сайту дзяржзакупак можна прасачыць за апетытам рыбак з міністэрскага акварыума. У 2014 годзе рыбкі маглі наесціся ўсяго на 385 еўра ў эквіваленце, а ўжо ў наступным годзе Міністэрства было гатовае траціць на рыбак каля 770 еўра, у 2016 годзе — 745. Так што 2017 год з яго 1000 еўра можа стаць самым добрым у жыцці акварыума з прыёмнага пакоя міністра сельскай гаспадаркі краіны. Дарэчы, сёлета на курсы павышэння кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў і ўдзел у семінарах Мінсельгасхарч плануе патраціць прыкладна столькі ж — па 1000 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі