Вы тут

Міністр энергетыкі Літвы: Беларусі няма куды падзець лішак электраэнергіі

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Наўрад ці Беларусь здолее праз год падключыць другі рэактар Астравецкай АЭС. Так лічыць міністр энергетыкі Лівы Дайнюс Крэйвіс, паведамляе delfi.lt. 

Як распавядала Еўрарадыё, 19 красавіка на БелАЭС даставілі ядзернае паліва для другога рэактара. Падключыць да энергасістэмы яго плануецца ў першай палове 2022 года.

Літоўскі міністр звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі ўтвараецца лішак электраэнергіі нават пры працы аднаго блока на АЭС. "Галоўнае, што абодва энергаблокі прызначаліся для экспарту электраэнергіі. Пасля першага энергаблока ў Беларусі лішак 550 мегават. На сённяшні дзень для таго, каб мог дзейнічаць першы энергаблок, Беларусь адключае свае мадыфікаваныя электрастанцыі", — кажа Крэйвіс.

З улікам нізкага спажывання электраэнергіі ў краіне невядома, колькі праляжыць гэтае паліва ў сховішчы, дадае ён.

Прадстаўнік Літвы згадвае агучаныя афіцыйным Мінскам планы ацяпляць электрычнасцю дамы, рэарганізаваць энергетычную інфраструктуру пад электрычнасць. "Але гэта займае шмат часу. І спадзявацца, што праз год усё зменіцца, напэўна, не варта", — скептычна ацэньвае ён такія планы.

Разам з тым Крэйвіс звязвае будучыню БелАЭС з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. "Будзем спадзявацца, што тыя адносіны, якія ў нас ёсць з беларускай апазіцыяй, і яе настрой закрыць АЭС, захаваюцца. І палітычную мэту, каб гэтая станцыя не дзейнічала, мы дасягнем", — спадзяецца літоўскі міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.