Міністэрства падаткаў пра “дэкрэт аб індульгенцыі”: Абмяркуем з бізнесам

Намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка кажа, што дэкрэт, які з'явіўся ў прэсе, яны не распрацоўвалі: "Верагодна, хтосьці ўнёс яго ў абмеркаванне для грамадскасці. Але наша Міністэрства гэты дэкрэт не распрацоўвала".

Аднак, па яе словах, у міністэрстве ўжо працуюць у гэтым напрамку: "Цяпер створаная працоўная група ў межах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзе разглядаецца пытанне аб магчымасці ўвядзення "Інстытута падатковага дэпазіту". Гэта сусветная практыка, такія ж інстытуты дзейнічаюць у іншых еўрапейскіх дзяржавах. Мэта гэтага інстытута, каб ён забяспечваў выплаты падаткаў у бюджэт. Распрацоўка гэтага інстытуту будзе абмяркоўвацца і з прадстаўнікамі бізнесу, і з зацікаўленымі ведамствамі".

Пра дэкрэт “Аб гарантыйным дэпазіце” стала вядома 11 кастрычніка, у ім казалася, што бізнесмен зможа пакласці на спецрахунак у банку не менш за 50 тысяч рублёў — гэта будзе яго "гарантыйны дэпазіт". Калі ў дачыненні да яго распачнуць крымінальную справу з-за выяўленых парушэнняў (па шэрагу “эканамічных артыкулаў”), яе разгляд будзе праходзіць па спрошчанай працэдуры.