Вы тут

Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію медцэнтра "Ладэ"

Мінскі філіял медцэнтра "Ладэ" / фота з сацсетак

Міністэрства аховы здароўя прыпыніла з 16 траўня ліцэнзіі прыватных медцэнтраў "Ладэ" і "Клініка А1". Яны пакуль не змогуць ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства. Рашэнне было прынята на пасяджэнні Лячэбна-кантрольнага савета Міністэрства аховы здароўя 4 траўня.

Там палічылі, што ў гэтых прыватных клініках парушаюць заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце і аб ліцэнзаванні, а таксама, што ўсе гэтыя парушэнні "па сукупнасці могуць пацягнуць прычыненне шкоды дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычынення такой шкоды".

У Міністэрстве аховы здароўя распавялі, што ў 2022 годзе атрымалі тры скаргі на "Клініку А1". Праверылі і выявілі шэраг парушэнняў, у тым ліку выкарыстанне медабсталявання без дамовы на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт, адсутнасць санітарнага пашпарта на лазерную сістэму, няякаснае вядзенне меддакументаў. Гэта і стала падставай для прыпынення ліцэнзіі.

"Ладэ" правяралі ў Мінску, Брэсце і Гродне. Займалася гэтым міжведамасная камісія, створаная Камітэтам дзяржкантролю. Міністэрства аховы здароўя піша, што былі выяўленыя факты "грубага парушэння заканадаўства", і прыводзіць прыклады:

✔️ ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці ў месцы, не ўказаным у ліцэнзіі,

✔️ парушэнні патрабаванняў клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння,

✔️ наяўнасць лекавых сродкаў з скончаным тэрмінам прыдатнасці,

✔️ грубыя парушэнні правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці (выяўлена 89 выпадкаў неабгрунтаванай выдачы і падаўжэння лісткоў непрацаздольнасці).

✔️ шматлікія парушэнні заканадаўства ў галіне сан-эпід дабрабыту насельніцтва (парушэнні ў дэзінфекцыі медабсталявання і вырабаў медназначэння, парушэнні пры правядзенні стэрылізацыі) і іншыя парушэнні. 

Нагадаем, шэраг прыватных медцэнтраў у 2020 годзе аказвалі бясплатную дапамогу пацярпелым на пратэстах людзям. У адной з праграм беларускай тэлевізіі супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак са сваім госцем прэс-сакратаром Міністэрства адукацыі Андрэем Лазуткіным абмяркоўвалі "медцэнтр Л". Лазуткін абураўся, што "медыцынская дапамога для пацярпелых падчас беспарадкаў 9-11 жніўня аказвалася бясплатна і ў любым аб'ёме, уключаючы складаныя даследаванні КТ, МРТ і іншыя (рынкавы кошт такіх даследаванняў складае 200-500 рублёў)".  Азаронак тады заклікаў правесці міліцэйскія праверкі ў прыватных медцэнтрах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.