Мінчанка моцна траўмавалася на картынгу, патрабуе 1100 долараў (фота)

25 лютага мінчанка Паліна са сваім сябрам упершыню ідзе ў картынг-клуб. Праязджае там чатыры колы па трасе і на вялікай хуткасці ўразаецца ў адбойнік, атрымлівае моцныя траўмы:

“Я моцна ўдарылася целам. Але яно было абароненае шчыткамі. Потым апусціла галаву, убачыла, што ў мяне вельмі моцна абадраная адна нага. Балтом. Там такі болт на рулявым упраўленні. Ён нічым не прыкрыты. Гайкі на ім не было, проста востры канец. Вось гэтым балтом я разарвала нагу”, — расказвае Паліна.

Траўма, якую атрымала дзяўчына, катаючыся ў картынг-клубе.

У клуб выклікаюць “хуткую”, затым міліцыю. Медыкі адвозяць Паліну ў лякарню, дзе крыху вышэй калена накладаюць 15 швоў а потым гіпс. Міліцыя фіксуе месца здарэння. Паліна піша заяву ў міліцыю на клуб, праз свайго сябра патрабуе ад уладальнікаў клуба грашовую кампенсацыю ў памеры 1100 долараў. Кажа, што гэтыя грошы патрэбныя на будучую пластычную аперацыю і кампенсацыю панесеных стратаў:

Той самы карт і болт, аб які ў выніку аварыі паранілася Паліна.

 

“Я тэлефанавала па клініках, рабіла здымкі свайго шрама, адпраўляла туды. Шрам у мяне каля 15 сантыметраў. Я ж не проста так з галавы суму называю. Ну, і ў дадатак я цяпер сяджу дома, цэлы месяц буду сядзець, я губляю ў зарплаце вялікія грошы. Яшчэ мне трэба ўзмоцнена харчавацца. Я п’ю антыбіётыкі, якія ў прынцыпе не выношу”.

Яшчэ Паліна крыўдуе на кіраўніцтва картынг-клуба, якое “за ўвесь час ніводнага разу не патэлефанавала”. Усе перамовы пра памер кампенсацыі ад яе імя вядзе сябра Аляксандр, з якім Паліна ў той вечар прыйшла на картынг.

Пазіцыя картынг-клуба

У картынг-клубе “Фарсаж” сітуацыю каментаваць не адмаўляюцца, запрашаюць да сябе. Гавораць, што ў іх гэта першы падобны выпадак за больш чым год працы — раней сур’ёзных раненняў ніхто не атрымліваў. Паказваюць відэа сутыкнення Паліны з агароджай, рэгістрацыйную форму заезду з яе подпісам, месца аварыі, карт, на якім ехала дзяўчына. Адміністратар Сяргей звяртае ўвагу на тое, што Паліна падпісала дакумент, дзе гаворыцца, што яна “цалкам разумее існаванне рызыкі для яе і іншых удзельнікаў заезду, і таму ў выпадку атрымання траўм не будзе мець прэтэнзій да адміністрацыі картынг-цэнтра”.

“Калі яна ехала на карце, яна павінна была паварочваць. Альбо там ёсць тормаз — трэба рэгуляваць хуткасць. У нас у правілах гэта прапісана. І іх папярэджвалі — чалавек сам выбірае хуткасць. Можна павольней ехаць, можна хутчэй. Да моманту сутыкнення дзяўчына 4 кругі праехала… Цяпер яна хоча зрабіць аперацыю. Мы не адмаўляемся дапамагчы ў гэтай аперацыі. Нейкія лекі аплаціць. Але яна патрабуе ад нас наяўных грошай — 1100 долараў. Мы сказалі, дайце чэкі, мы дапаможам”, — расказвае адміністратар Сяргей.

Месца аварыі.

 

І дадае, што выплаціць кампенсацыю наяўнымі грашыма па-за бухгалтэрыяй не могуць у прынцыпе — гэта проста незаконна. Пры гэтым у адміністрацыі клуба мяркуюць, што віна за здарэнне ляжыць на Паліне — яна вельмі хутка ехала і сама справакавала аварыю. У якасці доказу паказваюць відэазапіс заезду. На відэа бачна, як карт на вялікай хуткасці ўразаецца ў агароджу пад прамым вуглом.

Чым закончыцца канфлікт

Бакі ў тупіку — адміністрацыя клуба гатовая дапамагчы Паліне, аднак патрабуе абгрунтавання агучанай сумы ў 1100 долараў. Дзяўчына тлумачыць свае патрабаванні тым, што на дадзены момант ніякіх чэкаў прадаставіць не можа — пластычную аперацыю зробяць толькі праз 6 месяцаў пасля атрымання траўмы. Цяпер Паліна рыхтуе дакументы ў суд, кажа, што будзе дабівацца той кампенсацыі, якую ўжо агучыла.

Каментарый юрыста

“Сам па сабе подпіс пад паперкай, якую вам далі ў картынг-цэнтры, і дзе гаворыцца, што вы самі несяце адказнасць за атрыманыя траўмы, нічога не значыць. Вы ўсё адно можаце звяртацца ў суд і патрабаваць кампенсацыю. Аднак яе памер павінен быць дакументальна абгрунтаваны”, — кажа супрацоўніца адной з юрыдычных кансультацый Мінска.

Наведнікі картынг-клуба падпісалі паперу, дзе гаворыцца, што яны "цалкам разумеюць існаванне рызыкі для сябе і іншых удзельнікаў заезду, і таму ў выпадку атрымання траўм не будуць мець прэтэнзій да адміністрацыі картынг-цэнтра”.

 

Юрыст дадае, што ў дадзенай сітуацыі Паліна наўрад ці парушыла правілы картынг-цэнтра. Яна проста хутка ехала і не справілася з кіраваннем. А правілы разганяцца не забараняюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі