Вы тут

Мінабароны: Расія і Беларусь стварылі групоўку войскаў для адпору ворагу

Віктар Хрэнін / Коммерсантъ

Расія і Беларусь стварылі групоўку войскаў, "якая, калі трэба, дасць адпаведны адпор". Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін падчас падвядзення вынікаў беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Саюзная рашучасць-2022".

Паводле яго слоў, генеральныя штабы Беларусі і Расіі збіраюцца выпрацаваць далейшыя крокі, накіраваныя на "недапушчэнне вайны".

"Мы не хочам вайны. Аднак нас не чуюць ці не хочуць чуць. Таму і створана адпаведная групоўка войскаў", — заявіў Хрэнін.

Расійскія войскі, якія прыехалі на вучэнні ў Беларусь, пакуль застаюцца ў нашай краіне нягледзячы на ​​абяцанні афіцыйнага прадстаўніка Крамля Дзмітрыя Пяскова і кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея аб вяртанні іх у месцы дыслакацыі.

Паводле слоў Хрэніна, гэта звязана "з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля знешніх граніц Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.