Украіна ўдарыла па дата-цэнтры "Яндэкса", які знаходзіўся на заводзе ВПК

Дата-цэнтр

Дата-цэнтр / Exilenova+

Узброеныя сілы Украіны ў ноч на 8 кастрычніка атакавалі дата-цэнтр "Яндэкса" у горадзе Сасава Разанскай вобласці. Пра гэта паведамілі ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Дата-цэнтр размешчаны на тэрыторыі завода "Саста", які выпускае металаапрацоўчыя станкі і пастаўляе абсталяванне ў тым ліку прадпрыемствам абарончай прамысловасці. На аб'екце пачаўся моцны пажар. 

У "Яндэксе" паведамілі пра "інцыдэнт" і часовую недаступнасць шэрагу сэрвісаў. Карыстальнікі скардзіліся на збоі ў рабоце "Яндэкс.Дыска" і "Яндэкс.Дакументаў". 

Дата-цэнтр у Сасаве адкрыўся ў 2011 годзе. У 2022 годзе кіраўнік адміністрацыі горада Яўгенія Рубцова казала, што за 11 гадоў кампанія ўклала ў яго больш за 6 млрд рублёў.

У тую ж ноч пад удар трапіў нафтаперапрацоўчы завод "Газпром нафтахім Салават" у Башкартастане, паведаміў канал Exilenova+. Па фота і відэа відавочцаў Astra ўстанавіла, што ў раёне прадпрыемства ўзнік пажар. 

Завод перапрацоўвае да 10 млн тон вуглевадароднай сыравіны ў год і выпускае больш за 150 найменняў прадукцыі, уключаючы аўтамабільны бензін, дызельнае паліва, мазут, бітум, паліэтылен, стырол і аміяк.

Раней прадпрыемства ўжо падвяргалася атакам украінскіх дронаў. Пасля налёту 14 ліпеня перапрацоўка нафты на заводзе была цалкам спынена. Апошні раз пажар узнік пасля атакі 13 жніўня. У 2023 годзе дроны пашкодзілі на НПЗ устаноўкі першаснай перапрацоўкі сыравіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.