Міхаіл Саакашвілі атрымаў украінскае грамадзянства і Адэскую вобласць

Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі атрымаў украінскае грамадзянства. Адпаведны ўказ 29 траўня падпісаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Згодна з гэтым указам, прыняццё Саакашвілі ў грамадзянства Украіны мае дзяржаўны інтарэс.

Адначасова Парашэнка прызначыў былога грузінскага лідара кіраваць Адэскай абласной дзяржадміністрацыяй. Гэты ўказ выйшаў сёння, 30 траўня. Ігар Паліца, які раней займаў пасаду адэскага губернатара, вызвалены ад гэтай працы, паведамляе УНІАН.

Новы кіраўнік АДА адзначыў, што галоўны патэнцыял вобласці — гэта яе насельніцтва. Саакашвілі заявіў, што яго галоўная мэта — аб’яднаць жыхароў рэгіёна і пакінуць у мінулым усе канфлікты. Ён сказаў пра неабходнасць прывесці ў Адэсу болей турыстаў і інвестараў.

Міхаіл Саакашвілі быў прэзідэнтам Грузіі з 2004 да 2013 год. Затым ён пераехаў у Брусэль, а затым і ў Злучаныя Штаты, дзе пэўны час займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З  лютага 2015 года ён стаў дарадцам украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі.

На яго радзіме ў Грузіі супраць Саакашвілі завялі шэраг крымінальных справаў, звязаных з перавышэннем улады і растратай бюджэтных сродкаў. Летась суд завочна абраў для яго меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Грузінская Генпракуратура звярталася да ўкраінскіх уладаў з запытам аб экстрадыцыі Саакашвілі, аднак атрымала адмову.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі