Мэр Львова раіцца з гараджанамі: ці этычна купляць беларускія аўтобусы

Украіна да нядаўняга часу ахвотна закупляла беларускія аўтобусы / Прэс-служба КП "Кіеўпастранс"​
Украіна да нядаўняга часу ахвотна закупляла беларускія аўтобусы / Прэс-служба КП "Кіеўпастранс"​

Мінскі аўтазавод (МАЗ) зрабіў самую выгадную прапанову ў рамках тэндару па закупцы 100 дванаццаціметровых нізкападлогавых аўтобусаў у Львове. Горад купляе гэтыя аўтобусы пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

Але ў гарадскіх уладаў паўстала пытанне этычнага кшталту: наколькі маральна закупляць аўтобусы ў прадпрыемства, дзе былі задушаныя забастоўкі, і ў краіны, якая практыкуе гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян. З гэтымі пытаннямі мэр Львова Андрэй Садовы звярнуўся да гараджан праз Facebook.

"Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, самую выгадную прапанову падала беларуская кампанія МАЗ. Прапановы іншых удзельнікаў тэндару або значна даражэй, або не адпавядаюць тэхнічным патрабаванням конкурсу. І тут пытанне. Ці маем мы маральнае права купляць аўтобусы ў Беларусі?" — напісаў Садовы.

Ён нагадаў, што Вярхоўная Рада Украіны прызнала прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, недэмакратычнымі. Львоўскі кіраўнік горада нагадаў і аб падаўленні пратэстаў беларускімі сілавікамі. Ён прызнаўся, што разлічвае атрымаць адказ на сваё пытанне — аб этычнасці здзелкі з МАЗам — ад кіраўніцтва Еўрапейскага банка, Кабінета міністраў і львавянаў.

"Гэта няпростая сітуацыя, таму што ў выпадку адмены тэндару мы страцім яшчэ год, а магчыма і больш без гэтых машын. Але без выразнага разумення гэтай сітуацыі і дзяржаўнай пазіцыі Львоў не будзе купляць беларускія аўтобусы", — напісаў Садовы.

Адразу пасля выбараў і сілавога падаўлення пратэстаў на МАЗе, гэтак жа, як і на шэрагу іншых беларускіх прадпрыемстваў, рабочыя выйшлі з патрабаваннямі спыніць гвалт і правесці новыя выбары. Пра тое, што ў тыя дні адбывалася на прадпрыемстве, Еўрарадыё расказваў малады рабочы Сямён Фядотаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі