Вы тут

"Наш цэх і да таго ледзь працаваў": рабочы МАЗа — пра звальненне і забастоўку

Сямён Фядотаў / Еўрарадыё

Да 19 жніўня малады рабочы Сямён Фядотаў спакойна працаваў на галоўным канвееры Мінскага аўтазавода. А ўчора падзеі ў жыцці хлопца сталі развівацца з касмічнай хуткасцю. Спярша яму далі дзве вымовы запар. Пасля — пазбавілі 100% прэміі за жнівень. І, нарэшце, звольнілі.

Цэх сборкі аўтамабіляў №4, у якім працаваў Сямён, далучыўся да забастоўкі ў пятніцу. А ў панядзелак рабочыя прайшлі маршам праз завод. Хлопец кажа, што іх было блізу трох тысяч чалавек. Сёння на МАЗе працуе блізу 15 тысяч чалавек.

— Пасля таго, як у панядзелак выйшла шмат людзей, нас пачалі запужваць. І людзей стала нашмат менш. Падобна да таго, што мы самыя першыя, каго звольнілі, — распавядае хлопец. На сёння з МАЗа звольнена блізу 10 чалавек.

— Нас нельга замяніць, рабочых не хапае. Яны самі сябе б'юць, — упэўнены ён.

Сямён Фядотаў збіраецца аспрэчваць сваё звальненне ў судзе.

— Наш цэх  і за забастоўкі ледзь працаваў. Увесь час не запала рабочых, — распавядае ён Еўрарадыё. — Выходзілі людзі з іншых участкаў. Выходзілі людзі, якія збіраліся ў другую змену працаваць. І цяпер, калі мы збіраліся баставаць, гэта было 100%. Людзі працавалі проста перада мной на аперацыях па два чалавекі. На некаторыя аперацыі людзі ўвогуле не станавіліся. І наўпрост цяпер людзей угаворваюць выходзіць у суботу працаваць, і ў другую змену яшчэ раз, каб проста прыбраць перад цэхам кучу недасабраных машын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.