Мая Церакулава: "Авітаміноз у XXI стагоддзі — гэта міф". Тады чаму нам кепска?
Мая Церакулава / Архіў
Пасля зімы людзі часта прыходзяць да медыкаў і скардзяцца на авітаміноз. У інтэрв’ю Еўрарадыё доктарка Мая Церакулава супакойвае: у XXI стагоддзі такі дыягназ — хутчэй міф.
— Вы стаміліся — вось што з вамі здарылася, — тлумачыць доктарка. — Вы тры-чатыры месяцы мерзлі, сядзелі ў памяшканні за камп’ютарам, мала размаўлялі з людзьмі, мала рухаліся, мала гулялі і не бачылі сонца.
Цяпер трэба выходзіць на вуліцу, шмат гуляць, весяліцца — і вы будзеце адчуваць сябе лепш.
Авітамінозу не бывае.
Бывае дэфіцыт вітаміну С — гэта цынга, бывае рахіт, іншыя цяжкія хваробы з вельмі сур’ёзнымі сімптомамі, якія сёння практычна не сустракаюцца. Цяпер няма авітамінозу — людзі сталі лепш харчавацца і атрымліваць вітаміны з ежы.
Калі да мяне прыходзяць з падазрэннямі на авітаміноз, я не разумею: дзе тое дзіця, у якога выпадаюць валасы ці зубы, моцна трэскаецца скура? Гляджу, а ў дзіцяці крыху патрэскалася скура на пальчыках — гэта кантактны дэрматыт. Напэўна, дзіця хадзіла ў мокрых пальчатках. Калі патрэскаліся вусны, навучыце яго не аблізваць іх на вуліцы.
У вас можа быць сухасць скуры, бо, напрыклад, гулялі на ветры, або нейкая алергія — але гэта дакладна не авітаміноз.