Жыхарка Масквы данесла ўчастковаму паліцыянту на свайго суседа-беларуса, піша The Insider.
Жанчына падышла на вуліцы да паліцыянта, які абыходзіў тэрыторыю. Яна сказала, што на старонцы 20-гадовага Даніла К. у Instagram пабачыла карыкатуру з Уладзімірам Пуціным. На яе думку, карыкатура "дыскрэдытуе" расійскае войска.
Яна назвала паліцыянту дакладны адрас суседа і дала спасылку на яго старонку ў сацсетцы. Таксама жанчына паведаміла, што хлопец прыехаў з Беларусі.
Якая менавіта карцінка стала прычынай даносу, не ўдакладняецца.
Ад пачатку вайны перыядычна з'яўляюцца навіны пра даносы расіян на суседзяў, знаёмых, настаўнікаў і нават на сваіх родных. Напрыклад, нядаўна расіяніна арыштавалі на 14 сутак за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" пасля даносу пасажыра метро, які падглядаў у яго смартфон.