Маскве дроны не прададзім ні за якія грошы — уласнікі Bayraktar

Беспілотнік Bayraktar / Фота з сацсетак
Беспілотнік Bayraktar / Фота з сацсетак

Браты Байрактар, уласнікі аднайменнай кампаніі, кажуць, што не гатовыя прадаць свае беспілотнікі Расіі, нават калі тая прапануе вялікую суму.

"Грошы не з'яўляюцца для нас прыярытэтам. Грошы і матэрыяльныя рэсурсы ніколі не былі мэтай у нашым бізнесе", — заявіў старэйшы брат і гендырэктар кампаніі Халук Байрактар у інтэрв'ю Бі-Бі-Сі. Ён нагадвае, што сяброўства і супрацоўніцтва з Украінай доўжацца ўжо шмат гадоў. І цяпер браты гатовыя падтрымліваць Кіеў — яны лічаць, што Украіна цярпіць ад "вельмі несправядлівага, агрэсіўнага і неабгрунтаванага нападу".

"Таму колькі б грошай нам ні прапаноўвалі, шчыра кажучы, не можа быць і гаворкі пра тое, каб у цяперашняй сітуацыі перадаць ім іх [Маскве дроны]", — кажа Халук Байрактар.

На сцяне ў кабінеце гендырэктара вісіць карціна з бурштыну — на ёй выяўленая ўкраінская хата. А на часопісным століку стаіць мяккая цацка — беспілотнік Bayraktar TB2 з трызубцам. Халук Байрактар таксама паказаў журналістам ордэн "За заслугі", які яму ўручыў яшчэ ў 2020 годзе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

З пачаткам вайны браты адкрыта падтрымалі Украіну і ўжо некалькі разоў бясплатна перадавалі дроны ўкраінскім вайскоўцам.

Пра цікавасць Расіі да беспілотнікаў Bayraktar паведамляў тэлеканал CNN Türk. Ён цытаваў Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, які ў канцы ліпеня заявіў, што "[прэзідэнт Расіі Уладзімір] Пуцін сказаў мне, што хоча працаваць з кампаніяй Bayraktar". Пазней прэс-сакратар Пуціна Пяскоў зняпраўдзіў словы Эрдагана: ён сказаў, што прэзідэнты Расіі і Турцыі не абмяркоўвалі закупку турэцкіх дронаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі