Стала вядома, для чаго ставяць блокпасты на ўездзе ў Гомель

Гомельская тэрабарона

Гомельская тэрабарона / тг-канал тэрабароны Гомеля

Гомельскія ўлады так афіцыйна і не патлумачылі, чаму на ўездах у горад будуюцца блокпасты.

Іх абсталяванне было заўважанае на пачатку верасня на ўездзе ў Гомель з боку Чарнігава ў Навабеліцу (М-10), а таксама на дарозе ў Зябраўку (Каранёўская шаша). У тым ліку на слупах мацуюцца канструкцыі з антыдронавымі сеткамі, на дарозе ставяцца знакі з указаннем знізіць хуткасць.

Ад 1 па 25 верасня ў Гомельскай вобласці праходзяць планавыя навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. Выданне "Флагшток" заўважыла ў тэлеграм-канале тэрабароны Гомеля фота, на якім удзельнікі вучэнняў пазіруюць на фоне блокпаста з антыдронавай сеткай. Па здымку было вызначана, што зрабілі яго на трасе М-10 насупраць рэстарана "Чабарок".

Такім чынам пацвердзілася ранейшае меркаванне, што блокпасты ўсталёўваюць у рамках вучэнняў рэгіянальных войскаў тэрабароны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.