Палітуцекача выклікалі ў Следчы камітэт, а яго бацьку звольнілі з працы

Позва, якую даслалі экс-палітвязню

Позва, якую даслалі экс-палітвязню / Еўрарадыё

Сілавікі працягваюць трансгранічны пераслед палітуцекачоў. Аляксея Санчука выклікалі ў Следчы камітэт Савецкага раёна Мінска.

Позва прыйшла на 13 кастрычніка. Экс-палітвязня выклікалі для следчых дзеянняў у якасці падазраванага.

"Мяркуючы па ўсім, пачатая крымінальная справа паводле арт. 422 КК РБ, бо я не з'явіўся ў вызначаны законам тэрмін для пастаноўкі на ўлік у РУУС, што з'яўляецца падставай для крымінальнага пераследу", — паведаміў ён Еўрарадыё.

Тым часам з бацькам палітуцекача не працягнулі працоўны кантракт на МТЗ. Санчук мяркуе, што так бацьку караюць за сына: "Гэта можа быць звязана са мной і маёй дзейнасцю". 

Аляксея Санчука затрымалі 4 лістапада 2020 года і асудзілі да шасці гадоў калоніі. У пачатку ліпеня 2026 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, і неўзабаве пакінуў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.