Вы тут

Марыя Калеснікава плануе вучыцца — хоча завочна паступіць у ВНУ

Марыя Калеснікава / @viktarbabarykaofficial

Каардынатар штаба Віктара Бабарыкі і палітзняволеная Марыя Калеснікава плануе атрымаць яшчэ адну адукацыю — хоча завочна паступіць у ВНУ. Гэтую інфармацыю ў інтэрв'ю выданню "Народная воля" пацвердзіў яе бацька Аляксандр Калеснікаў.

"Так, калонія заключыла дагаворы з двума расійскімі вну на атрыманне дадатковай вышэйшай адукацыі. Машу гэта вельмі зацікавіла, хоць навучанне будзе на платнай аснове", — распавёў ён.

Па словах бацькі, Марыю зацікавілі спецыяльнасці "псіхалогія" або "эканоміка".

Аляксандр Калеснікаў таксама паведаміў, што бачыў Машу напярэдадні Новага года, пасля разгляду апеляцыйнай скаргі. "Сустрэча была вельмі цёплай, і, як заўсёды, не хапіла часу", — адзначыў ён.

Дачка ў чарговы раз здзівіла яго сваёй жыццярадаснасцю і стаўленнем да сітуацыі, хоць "сумныя ноткі ў яе голасе таксама прысутнічалі". Аляксандр Калеснікаў нагадаў, што Марыя доўгі час знаходзілася ў камеры-адзіночцы і была пазбаўленая магчымасці размаўляць з людзьмі.

З Гомельскай калоніі, куды этапавалі Марыю, лістоў ад яе пакуль не прыходзіла. На гэтым тыдні з ёй сустрэўся там адвакат. Аляксандр Калеснікаў таксама распавёў, што быў на прыёме ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Перш за ўсё спытаў пра стан здароўя дачкі.

"Мне адказалі, што стан здароўя здавальняючы. Зараз Маша знаходзіцца ў карантыне, праходзіць медыцынскі агляд, пачынаючы ад тэрапеўта і заканчваючы псіхіятрам", — адзначыў ён.

На яго пытанне аб магчымасці спаткання  яму адказалі, што "калонія – гэта не санаторый, таму ўсё вызначана правіламі і інструкцыямі".

Марыю Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2021-га разам з юрыстам Максімам Знакам яе прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" і "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы". Праваабаронцы прызналі Калеснікаву і Знака палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.