Вы тут

Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі, Знаку далі 10 гадоў

Максім Знак і Марыя Калеснікава / Штаб Віктара Бабарыкі

Каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыя Калеснікава прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі, юрысту штаба Бабарыкі Максіму Знаку прысудзілі 10 гадоў.

Суд абвясціў прысуд сёння, 6 верасня.

Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны.

З жадаючых трапіць на абвяшчэнне прысуду Калеснікавай і Знаку выстраілася доўгая чарга, як паведамляла Еўрарадыё. Людзі ў цывільным праходзілі ўздоўж яе з відэакамерамі ў руках.

Бацькі Знака і Калеснікавай прыбылі да будынка суда загадзя, іх прапусцілі ўсярэдзіну. Замежных дыпламатаў на абвяшчэнне прысуду не пусцілі.

Калеснікава была ўзятая пад варту 8 верасня мінулага года. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Мінска і спрабавалі вывезці з краіны, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня затрымалі Знака.

Суд над Калеснікавай і Знакам пачаўся 4 жніўня. Ён праходзіў у закрытым фармаце, тады як абвяшчэнне прысуду было адкрытым. Справу разглядаў Мінскі абласны суд у будынку суда Мінскага раёна.

Калеснікаву і Знака абвінавачвалі па трох артыкулах КК.

Гэта — "змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357), "заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" (ч. 3 арт. 361), "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання" (ч. 1 арт. 361-1).

Калеснікава і Знак сваёй віны не прызналі — падчас дачы паказанняў у судзе яны паслядоўна абвяргалі ўсе абвінавачванні.

Віктар Бабарыка выказаўся пра суд над Знакам і Калеснікавай:

"Гэта працэс не проста над людзьмі, але над тымі прынцыпамі, якія гэтыя людзі ўвасабляюць: Макс — веру ў перамогу права і законнасці, Маша — веру ў дабро і справядлівасць. А аб'ядноўвае іх вера ў беларускі народ і ў тое, што беларусы гэтак жа, як і яны, павінны жыць па гэтых прынцыпах. І прысуд, які будзе вынесены, — не толькі людзям, але і гэтым базавым каштоўнасцям. Аднак, незалежна ад таго, да якіх тэрмінаў яны будуць прысуджаныя, каштоўнасць гэтых прынцыпаў не мяняецца. У іх трэба працягваць верыць".

Калеснікава і Знак перад абвяшчэннем прысуду. Марыя нават у кайданках паказвае сэрцайка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.