Віктар Бабарыка пракаментаваў суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам

Максім Знак і Марыя Калеснікава ў судзе / sb.by
Максім Знак і Марыя Калеснікава ў судзе / sb.by

Экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка​ пракаментаваў працэс над членамі сваёй каманды.

У мінулым годзе ён заявіў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты, быў затрыманы і асуджаны на 14 гадоў. Яго абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Віну ён не прызнаў, назваў справу палітычна матываванай. Зараз у закрытым рэжыме праходзіць суд над Марыяй Калеснікавай і юрыстам Максімам Знакам.

"Гэта працэс не проста над людзьмі, але над тымі прынцыпамі, якія гэтыя людзі ўвасабляюць: Макс — веру ў перамогу права і законнасці, Маша — веру ў дабро і справядлівасць", — лічыць Віктар Бабарыка.

На думку экс-банкіра, Калеснікаву і Знака аб'ядноўвае "вера ў Беларускі народ і ў тое, што беларусы гэтак жа, як і яны, павінны жыць па гэтых прынцыпах".

Таму рашэнне, які вынесе суд, — гэта будзе прысуд "не толькі людзям, але і гэтым базавым каштоўнасцям". Пры гэтым Бабарыка нагадвае, што незалежна ад прысуду і тэрмінаў, якія прызначаць яго прыхільнікам, каштоўнасць прынцыпаў не мяняецца.

"У іх трэба працягваць верыць", — кажа Віктар Бабарыка.

Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку пагражае да 12 гадоў калоніі. Іх абвінавачваюць у спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі, і ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Іх затрымалі ў мінулым верасні. Абое сваю віну не прызнаюць. Знак, у прыватнасці, заявіў суду, што ўсе абвінавачанні супраць яго не маюць падстаў і нічым не падмацаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі