Вы тут

Абвешчаны прысуд Віктару Бабарыку — 14 гадоў пазбаўлення волі

Віктар Бабарыка / Reuters

Суд прызнаў экс-кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку вінаватым па двух артыкулах абвінавачання і прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі. Раней пракурор прасіў для яго тэрмін у 15 гадоў.

Бабарыку абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Віны ён не прызнаў, назваў справу палітычна матываванай. У сваім апошнім слове ў судзе ён заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.

"Мне не сорамна перад блізкімі, таму што не было дапушчана супрацьзаконных дзеянняў і нават намёку на здзяйсненне супрацьзаконных дзеянняў. Мне не сорамна перад работнікамі банка, таму што быў створаны найлепшы банк у краіне", —  казаў Віктар Бабарыка ў апошнім слове.

Разам з Бабарыкам па гэтай справе таксама праходзілі яшчэ некалькі топ-менеджараў Белгазпрамбанка, а таксама адзін з кліентаў банка, саўладальнік і кіраўнік ТАА "Актыўлізінг" Віктар Кабяк. Усе яны пагадзіліся на супрацоўніцтва са следствам і прызналі сваю віну.  Суд прысудзіў іх да такіх тэрмінаў:

Сяргей Шабан — 6,5 года турмы;

Дзмітрый Кузьміч — 6 гадоў;

Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей —  па 5,5 года;

Віктар Кабяк — 3 гады;

Аляксей Задойка — 5 гадоў "хатняй хіміі".

Да пачатку пасяджэння да будынка суда выстраілася вялікая чарга з людзей, якія хацелі трапіць на працэс. Унутр многіх так і не пусцілі.

Чарга ля будынка суда перад пачаткам абвяшчэння прысуду па "справе Белгазпрамбанка" / @viktarbabarykaofficial

"Справа Белгазпрамбанка" ўзнікла пасля рашэння Віктара Бабарыкі балатавацца ў прэзідэнты. Неўзабаве пасля абвяшчэння пра гэта рашэнне ў банк прыйшлі з ператрусам, пачаліся затрыманні. Нягледзячы на вялікую колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Бабарыкі, ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.