Маршруткі Мінск-Салігорск пачалі ездзіць. Слуцкія перавозчыкі пакуль маўчаць

Маршруткі Мінск-Салігорск пачалі ездзіць. Слуцкія перавозчыкі пакуль маўчаць

Яшчэ некалькі тыдняў таму маршрутчыкі Салігорска і Слуцка збіралі подпісы супраць новых змяненняў у закон аб пасажырскіх перавозках і ладзілі страйк. У Салігорску працу спынілі больш за 70 перавозчыкаў. У Слуцку быў арганізаваны збор подпісаў, які падпісала больш за 20 тысяч чалавек. Па ўсёй краіне было сабрана каля 80 тысяч подпісаў, якія былі накіраваныя ў адміністрацыю кіраўніка краіны.

Сёння дзяржаўны аператар “МінАблПасажырТранс” паведаміў Еўрарадыё, што ўжо 12 сакавіка прыватныя перавозчыкі пачалі працаваць па новых правілах.

З-за новых правілаў іх стала менш, чым было, але падобна, што страйк спыніўся. Па словах дырэктара дзяржаўнага аператара “МінАблПасажырТранс” Аляксандра Кахно, ім штодня падаюць новыя заяўкі:

“Лічба мяняецца кожны дзень, але гаворка ўжо вядзецца пра дзясяткі перавозчыкаў”.

Што тычацца такіх праблемных напрамкаў як Мінск-Салігорск і Мінск-Слуцк, то там паступова аднаўляюцца прыватныя пасажырскія перавозкі:

“12 сакавіка па маршруце Мінск-Слуцк было арганізавана 12 кругавых рэйсаў. Мінск-Салігорск было ўсяго тры кругавыя рэйсы. Але сёння лічба вырасце, таму што дакументы падаюцца, ліцэнзіі выдаюцца. Акрамя іх, працуюць яшчэ дзяржаўныя перавозчыкі”.

Перавозчык “Маршрутачка”, які курсаваў з Салігорска ў Мінск і назад, паведаміў Еўрарадыё, што яны пачнуць працаваць з 14 сакавіка, акрамя іх, таксама пачнуць здзяйсняць рэйсы перавозчыкі “Дзясятачка” і “Сталіца”.

А вось наконт Слуцка усё не так адназначна. Пакуль толькі адзін прыватны перавозчык працуе ў гэтым напрамку. Хоць дзяржаўны аператар заяўляе, што прыватныя перавозчыкі вярнуліся, Еўрарадыё не змагло датэлефанавацца ні да адной кампаніі, якія раней ездзілі па маршруце Мінск-Слуцк. Але, магчыма, яны зробяць па прыкладзе сваіх салігорскіх калег.

Пакуль усе перавозчыкі працуюць па “часовым дазволе”. Гэта значыць, што пасля заканчэння тэрміну маршрутчыкі будуць вымушаныя ўдзельнічаць у конкурсе на гэты маршрут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі