Вы тут

Марчук больш не будзе прадстаўляць Украіну ў Мінскім працэсе

Яўген Марчук / УНІАН

Яўген Марчук пакінуў пасаду прадстаўніка Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе ў Мінску па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка

Сам Марчук у Фэйсбуку напісаў: "Сябры, павінен паведаміць вам навіну. Сёння, 19 траўня 2019 года, я спыніў сваю чатырохгадовую валанцёрскую дзейнасць у Мінскім працэсе".

Як нагадвае Громадське, напрыканцы 90-х Марчук займаў пасаду сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, у 2003-2004 гадах быў міністрам абароны. Таксама ён быў дарадцам прэзідэнта Віктара Юшчанкі.

У 2014 годзе Марчук стаў кіраўніком Міжнароднага сакратарыята па бяспецы і грамадзянскім супрацоўніцтве паміж Украінай і NATO, а з лістапада 2018-га замяніў Леаніда Кучму на пасадзе прадстаўніка Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе ў Мінску.

Дарэчы, у Трохбаковай кантактнай групе надалей Украіну прадстаўляць не будзе і віцэ-спікерка Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка.