"Макея забіла Масква, і гэта было апошнім папярэджаннем Лукашэнку" — Саакашвілі

Міхаіл Саакашвілі падчас суда

Міхаіл Саакашвілі падчас суда / Reuters

Міхаіл Саакашвілі лятаў праз Лондан у Мінск, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю беларускаму сайту "Зеркало", адказаўшы на пытанні праз адваката.

Раней на судзе ў Тбілісі Саакашвілі згадаў пра свае сустрэчы з Лукашэнкам. Тады гаварылася, быццам яны таемна сустракаліся ў Лондане. Цяпер палітык удакладніў:

"Мы не сустракаліся ў Лондане. Проста два разы я лётаў у Мінск праз Лондан. Пасярэднікам сустрэч выступаў Барыс Беразоўскі (расійскі алігарх і палітык, памёр у 2013 годзе. — Рэд.), які тады асеў у Мінску. Трэці раз, ужо пасля прайграных парламенцкіх выбараў, я паляцеў наўпрост з Тбілісі ў Мінск. Гэта ўсё адбывалася ў 2010 і 2013 гадах. Мы гаварылі шмат пра што. Дакладней, ён гаварыў, а я слухаў".

Таксама Саакашвілі кажа, што падчас яго кіравання Адэскай вобласцю Украіны (у 2015-2016 гадах) да яго разам з міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам прыязджаў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. "Паводзіў сябе як заходні ястраб", — згадвае яго Саакашвілі.

У раптоўнай смерці Макея ў лістападзе 2022 года ён вінаваціць Маскву: "Думаю, Макея забіла Масква, і гэта было апошнім папярэджаннем Лукашэнку. Я магу пацвердзіць, што падчас майго прэзідэнцтва я асабіста і наш міністр замежных справаў шмат працавалі з Макеем, які, вядома ж, пры падтрымцы Лукашэнкі спрабаваў наладзіць сувязі з Захадам, што ўжо тады выклікала крайнюю непрыязнасць Масквы: там лічылі Макея здраднікам і перабежчыкам".

Гаворачы пра Лукашэнку, Саакашвілі кажа пра яго як пра чалавека, зацыкленага на ўладзе: "Для яго грошы і раскоша не маюць асаблівага значэння. Адзінае, што яго хвалюе, — улада. Імкненне да яе ён апраўдвае тым, што, акрамя яго, ніхто не зможа выратаваць і развіваць Беларусь".

Святлану Ціханоўскую ён ацаніў наступным чынам: "Ціханоўская — больш сімвал, чым рэальны палітык, але бываюць гістарычныя моманты, калі сімвалы граюць большую ролю, чым палітыкі".

Перспектывы Беларусі Саакашвілі звязаў з поспехамі УСУ і развалам рэжыму ў Маскве.

Экс-прэзідэнт Грузіі таемна вярнуўся на радзіму ўвосень 2021 года і быў арыштаваны. У зняволенні Саакашвілі некалькі разоў абвяшчаў галадоўку, яго здароўе сур’ёзна падарванае. Цяпер ён перабывае ў адной з бальніц Тбілісі, улады адмаўляюцца адпусціць яго на лячэнне за мяжу. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала Саакашвілі палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі