Маці асуджанага за карупцыю: па новых законах давядзецца жыць не толькі нам

Валянціна Дамарацкая
Валянціна Дамарацкая

Маці асуджанага за карупцыю экс-чыноўніка з Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага чакае сёмага траўня — у гэты дзень споўніцца тры гады з таго моманту, як затрымалі яе сына.

— Застанецца роўна столькі ж да канца тэрміну. Чакаем Вялікадня, рыхтуемся да яго. Андрэй бярэ актыўны ўдзел, дае парады ў лістах. Для нас падрыхтоўка да Вялікадня — гэта не толькі булкі, а перш за ўсё прыборка могілак, наведванне магіл блізкіх людзей. А гэта заўсёды было абавязкам сына. Ён ужо тры гады не быў на магіле бацькі. І гэта таксама яго боль.

Летась сям'я змагла двойчы пабачыцца з Андрэем Дамарацкім. Адно паўнавартаснае спатканне і яшчэ адно кароткатэрміновае — праз кавід. Званкі, скайп, лісты дазваляюць падтрымліваць сувязь, Дамарацкі заўсёды ў курсе сямейных праблем.

Мать осуждённого за коррупцию: по новым законам придётся жить не только нам
Андрэй Дамарацкі / "Минск-Новости"

Дамарацкага затрымалі амаль тры гады таму. Ужо некалькі гадоў Валянціна Паўлаўна бярэ пасільны ўдзел у працы грамадзянскай ініцыятывы "Справядлівы прысуд", якая актыўна ўключылася ў абмеркаванне змен у заканадаўства.

— Я збірала подпісы пад нашымі зваротамі, хадзіла да дэпутатаў з надзеяй, што нас пачуюць і новыя законы стануць больш гуманнымі. Але на жаль! Цяпер амаль аднагалосна ў парламенце прымаюць больш жорсткія законы, таму што, на думку некаторых чыноўнікаў, ранейшыя былі занадта лаяльныя. Хочацца ім нагадаць, што па гэтых законах давядзецца жыць не толькі нам, але і ім, і іх дзецям, і бацькам. Ці ў іх ёсць індульгенцыя, а прынятыя ў парламенце законы напісаны толькі для простых смяротных?

 

"За намер" украсці

Увесну 2018 года КДБ затрымаў Андрэя Дамарацкага. Да таго моманту чыноўнік паўгода паспеў прапрацаваць кіраўніком ГУСР, а да гэтага быў намеснікам мінскага мэра. Андрэй Дамарацкі прызнаны вінаватым паводле трох карупцыйных артыкулаў: атрыманне хабару на суму 2,5 тысячы долараў, злоўжыванне ўладай і крадзеж — незаконная прэмія. Увесь гэты час ён не прызнае віну.

"Можаце мяне хоць расстраляць, я не браў хабару. Я гатовы ўсе свае словы паўтарыць на паліграфе, але чамусьці ні мяне, ні сведак не дапыталі з выкарыстаннем дэтэктара хлусні, значыць, камусьці гэта нецікава", — сказаў Дамарацкі на судзе два з паловай гады таму.

Мать осуждённого за коррупцию: по новым законам придётся жить не только нам
Андрэй Дамарацкі / TUT.by

Адзіным доказам хабару былі словы сведкі, які "ўспомніў" пра яго праз тры гады — і пасля таго, як яго выклікалі на допыт у КДБ. Іншых доказаў ні на следстве, ні ў судзе прадстаўлена не было.

Яшчэ адно абвінавачанне — "злоўжыванне ўладай" — рассыпалася проста ў судзе. Калі Дамарацкага затрымлівалі, яму ставілі ў віну шкоду ў тры мільёны рублёў. У ходзе судовага разбору дзяржабвінаваўца адмовіўся ад фармулёўкі "прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры", усе тры мільёны знайшліся. У справе засталася фармулёўка "беспадстаўнае ашчаджэнне сродкаў". "Страчаныя" грошы паступілі ў бюджэт горада — на пагашэнне крэдыту за будаўніцтва ГЦ "Сталіца" — і нікім не былі прысвоены.

— Мяне ўразіла фармулёўка ў матэрыялах справы: сына асудзілі за намер, за "беспадстаўна ашчаджаныя грашовыя сродкі". Куды ж пайшлі "неабгрунтавана сэканомленыя" сродкі? На пагашэнне крэдыту за будаўніцтва гандлёвага цэнтра "Сталіца" ў Мінску. Ці сапраўды трэба за гэта судзіць?

Прэмію па выніках года ў 1,9 тыс. рублёў для Дамарацкага ўзгадніў Мінгарвыканкам. Яго абвінавацілі ў тым, што ён штучна завысіў паказчыкі, каб атрымаць яе. Сам жа Дамарацкі, убачыўшы, што паказчыкі не сыходзяцца, вярнуў прэмію ў бухгалтэрыю за два месяцы да затрымання.

— А пра прэмію на прыёме ў КДК нам сказалі так: дарэмна Андрэй Уладзіміравіч вярнуў прэмію — там было ўсё законна. І вельмі здзівіліся таму, што за вернутую прэмію чыноўнік атрымаў рэальны тэрмін у два гады, — расказвае Валянціна Паўлаўна.

Увосень 2019 года суд абвясціў прысуд: тэрмін — 12 гадоў, канфіскацыя, велізарны штраф.

Мать осуждённого за коррупцию: по новым законам придётся жить не только нам
Андрэй Дамарацкі ў судзе / БЕЛТА

Пазней па рашэнні апеляцыйнага Мінскага гарадскога суда тэрмін Дамарацкаму скарацілі з дванаццаці гадоў да сямі — па артыкулах "хабар" і "перавышэнне службовых паўнамоцтваў", але не адмянілі канфіскацыю маёмасці. Потым была амністыя да 75-годдзя Перамогі — знялі яшчэ год. Штраф амаль у сорак тысяч долараў застаўся.

Андрэй Дамарацкі з гэтым не пагадзіўся, ягоны абаронца звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, дзе пасля дадатковага вывучэння справы быў вынесены пратэст на прысуд, але суд у задавальненні гэтага пратэсту адмовіў.

Валянціна Дамарацкая падкрэслівае: за гэтыя ашчаджаныя грошы не было набыта ніводнай сашчэпкі для ГУСР, які ўзначальваў Дамарацкі.

— Усе б дзяржслужбоўцы беспадстаўна ашчаджалі дзяржаўныя грошы. Страшна было, калі сведкі, якія нібыта давалі хабары, расказвалі, што іх выклікалі ў КДБ, каб яны напісалі заяву на сына. Страшна было, што ўсе закрылі вочы на адсутнасць доказаў у справе. Страшна, калі сёння наш парламент аднагалосна прымае яшчэ больш жорсткія законы, — кажа Валянціна Паўлаўна.
 

"Урад сыграў на непрыняцці грамадствам"

Змагацца за асуджанага па карупцыйным артыкуле складаней нават, чым за палітвязня. Адны — вязні сумлення, у выпадку з другімі сваякам даводзіцца біцца не толькі за магчымасць даказаць невінаватасць у судзе, але яшчэ і за грамадскую думку.

— Наш урад сыграў на тым, што грамадства не прымае карупцыі. Грамадства не хацела разбірацца, хто карупцыянер, а хто не. Грамадства не задавалася гэтым пытаннем. А мне выпала разабрацца і даведацца, што карупцыянер — гэта часам прызначаны па званку чалавек, — расказвае Валянціна Паўлаўна.

Спярша змагацца за справядлівыя прысуды для сваіх блізкіх пачалі Маці-328, сваякі асуджаных па наркатычных артыкулах. Потым сваякі асуджаных за карупцыю стварылі рухі "Справядлівы прысуд" і "Мэта адна".

Мать осуждённого за коррупцию: по новым законам придётся жить не только нам
Актывісткі руху "Маці-328"

— Іх шмат, тых, чые родныя несправядліва адбываюць пакаранне. Як ні дзіўна, колькасць прысудаў па карупцыйных артыкулах знаходзіцца на другім месцы пасля наркатычных. Далёка не ўсе сярод асуджаных — карупцыянеры, часцей за ўсё гэта людзі, якія мелі сваё меркаванне, адважваліся прымаць смелыя рашэнні ў рамках закона, калі ў краіне было "не да закона". Далёка не заўсёды быў той хабар, пра які пішуць. Далёка не заўсёды — перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У сям'і ёсць свая версія прычын, якія прывялі чыноўніка Дамарацкага ў калонію ўзмоцненага рэжыму.

— Андрэй быў прынцыповым, гэта яго і падвяло, у яго быў свой погляд на любую праблему. Ён не падпісваў тупа ўсе паперы запар, а хацеў разабрацца. Чыноўнік, які паслухмяна выконвае загады, праседзіць да пенсіі на сваім месцы, найгоршае, што з ім здарыцца, — з працы выганяць. Але гэта не пра Андрэя.

Кіраўнік бізнес-хаўрусаў Уладзімір Карагін пісаў пра Андрэя Дамарацкага так: "Аб'яднанне прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў ведае А. У. Дамарацкага як сумленнага, працавітага, сціплага чалавека! Ужо бізнес ведае, хто ёсць хто! <...> Мы бачылі яго працавітасць, шчырасць, жаданне вырашаць пытанні, сціпласць і прыстойнасць... І раптам такія жахлівыя абвінавачанні і яшчэ больш жахлівае пакаранне".

 

Добрыя навіны

У дзень інтэрв'ю Валянціна Паўлаўна просіць падзяліцца якімі-небудзь добрымі навінамі. З таго часу, як затрымалі сына, дрэнных хапае і без журналістаў. Апошнія гады Валянціна Паўлаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, шмат працуе.

— Пакуль вяду заняткі, чытаю лекцыю, дапамагаю дзецям рыхтавацца да тэставання, я забываю пра праблемы з сынам. У астатні час — усё памятаю. Так што загружаю сябе працай, — расказвае Валянціна Паўлаўна карэспандэнту Еўрарадыё. — Мы годна нясём тыя выпрабаванні, якія выпалі нашай сям'і. І так спадзяёмся на добрыя навіны. А яны будуць: вось-вось парадуе нас цяплом вясна, вось ужо на клумбах першацветы, праз пару тыдняў Вялікдзень Хрыстовы. А потым будзе спатканне з сынам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі