Людзі, на балоты! Дзе набрацца ўражанняў у Беларусі гэтай восенню

Спораўскае балота

Спораўскае балота / Канстанцін Чыкалаў

Раней па прыгоды на беларускія балоты з'язджаліся людзі з усяго свету. Надыхаўшыся "лёгкімі Еўропы", плошча якіх займае 14 адсоткаў тэрыторыі нашай краіны, пісьменнікі стваралі свае творы, навукоўцы працавалі над даследаваннямі, якія дагэтуль расказваюць свету пра непаўторную флору і фаўну гэтых месцаў. Тысячы гадоў балоты былі абаронай беларусаў, тысячы гадоў на іх растуць мох і журавіны, жывуць рэдкія насякомыя, звяры і птушкі. Усё гэта робіць нашу краіну ўнікальным месцам на планеце Зямля. Разгар восені — выдатны час, каб у гэтым пераканацца.

Збярыце заплечнік, надзеньце зручны абутак і адпраўляйцеся ў пешы паход, які можа зрабіцца своеасаблівай хард-медытацыяй у цяперашні час.

А надзейнай апорай у гэтым займальным паходзе хай будзе агляд Еўрарадыё.

Такім чынам, балоты…

 

Ельня

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня" размешчаны на тэрыторыі Шаркаўшчынскага і Мёрскага раёнаў. Само балота старэйшае за егіпецкія піраміды і ўдвая большае за Барселону!

У ваколіцах Ельні знаходзіцца 118 прыгожых азёр, куды штогод з сярэдзіны жніўня прылятаюць тысячы шэрых жураўлёў.

Пейзажы на Ельні проста касмічныя, у чым можна лёгка пераканацца, адправіўшыся на адну з мноства экскурсій, якія тут ладзяць.

Шпацыруючы экасцежкай, у залежнасці ад пары года тут можна паназіраць за лебедзямі, белымі чаплямі, барсукамі, дзікімі хамякамі, а таксама ўбачыць сапраўдную расянку!  

Флора заказніка налічвае 405 відаў сасудзістых раслін (з іх 13 занесеныя ў Чырвоную кнігу), 86 — мохападобных, каля 50 — лішайнікаў. З хвойных дрэў на балоце растуць сасна і елка, з ліставых — бяроза, асіна, чорная алешына, а таксама ліпа і дуб.

Едучы дадому, не забудзьце пра гасцінцы: мясцовыя жыхары прадаюць тут журавіны і верасовы мёд. Дарэчы, запасы журавін у заказніку — адны з самых вялікіх у краіне.

Люди, на болота! Где набраться впечатлений в Беларуси этой осенью
Ельня / traveling.by

Жада

Гэтае балота размешчанае побач з Ельняй. Тут можна знайсці шмат цікавых раслін. Напрыклад, багун, які расце побач з буякамі і мае даволі спецыфічны пах. Дарэчы, менавіта праз яго буякі ў беларускай мове атрымалі яшчэ адну назву "дурніцы".

Тут жа можна ўбачыць расянку, але асноўным відам, які і фармуе балота, з'яўляецца сфагнавы мох. Ён можа ўтрымліваць у 30-40 разоў больш вады, чым яго ўласная маса, і добра пераносіць засуху. Раней яго выкарыстоўвалі як матэрыял для перавязак, бо ён мае антысептычныя ўласцівасці.

Люди, на болота! Где набраться впечатлений в Беларуси этой осенью
Жада / planetabelarus.by

Альманскія балоты

Частка гэтых балот знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, праз што паўднёвы бок запаведніка праходзіць па дзяржаўнай мяжы Украіны і Беларусі. Найбліжэйшы населены пункт да балотнага масіву ў нашай краіне — Альманы (гэта Столінскі раён Брэсцкай вобласці).

Мясцовая фаўна прадстаўленая 151 відам птушак, 25 з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу, 26 відамі сысуноў і 687 відамі раслін.

На тэрыторыі заказніка пракладзена некалькі маршрутаў. Тут таксама магчымы сплаў на байдарках, можна наведаць унікальныя і цяжкадасяжныя месцы, у тым ліку на ўсюдыходзе.

Прыпяцкія балоты

Гэтыя балоты размешчаныя на поўначы сучаснай Украіны ўздоўж ракі Прыпяць і яе прытокаў, а таксама на тэрыторыі Беларусі ад Брэста да Лунінца.

Ёсць легенда, што раней праз Прыпяцкія балоты праходзіў шлях, якім купцы вазілі соль. Аднойчы яны спыніліся на начлег на беразе возера, як раптам з'явіліся чэрці. З жудаснымі крыкамі яны выскачылі ноччу з вады. Людзі разбегліся, а тавары зніклі.

Люди, на болота! Где набраться впечатлений в Беларуси этой осенью
Зіма на Прыпяцкіх балотах / geosfera.org

Балота Дзікае

Гэтае балота размешчанае на поўначы Пружанскага і поўдні Свіслацкага раёнаў, у вадазборах Ясельды і Нарава. Яго ўзрост налічвае больш за 6 тысяч гадоў. Ландшафты тут — як у саване. Навукоўцы называлі Дзікае адным з самых прыгожых і буйных нізінных балот у Еўропе, але на сёння праз пастаяннае асушэнне захаваўся толькі ўчастак, які паступова зарастае і знікае.

Люди, на болота! Где набраться впечатлений в Беларуси этой осенью
Балота Дзікае / Вольга Каскевіч

Стары Жадзен

Водна-балотны заказнік "Стары Жадзен" знаходзіцца ў Жыткавіцкім і Лельчыцкім раёнах. Ён грае важную ролю своеасаблівага "зялёнага калідора" паміж нацыянальным паркам "Прыпяцкі" і заказнікам "Альманскія балоты".

Раней падчас паводак вёскі ў гэтым раёне ператвараліся ў Венецыю, дзе суседзі плаваюць адно да аднаго ў госці на лодках. Гэта паўплывала на культуру і менталітэт жыхароў Палесся.

Некалькі гадоў таму Стары Жадзен трапіў у навінавыя стужкі многіх СМІ дзякуючы сенсацыйнай знаходцы — гіганцкай вячэрніцы. Гэты від кажаноў да таго быў заўважаны толькі аднойчы ў Беларусі ў далёкім 1930 годзе.

Люди, на болота! Где набраться впечатлений в Беларуси этой осенью
Стары Жадзен / belfauna.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі