Вы тут

Львоў не перадумаў купляць беларускія аўтобусы, а Жытомір чакае тралейбусы

Дачакаюцца ўкраінцы беларускага транспарту ці не? / city-adm.lviv.ua

У студзені мэр Львова Андрэй Садовы перад закупкай для горада аўтобусаў МАЗ вырашыў параіцца з гараджанамі. Маўляў, умовы пастаўкі выгадныя, але самі разумееце, якая цяпер у Беларусі палітычная сітуацыя... Дый Вярхоўная Рада абвясціла прэзідэнцкія выбары ў Беларусі недэмакратычнымі, а МЗС Украіны паставіў дыялог з беларускімі калегамі на паўзу.

Якія вынікі прынесла абмеркаванне?

Тады Садовы звярнуўся па параду да Кабміна Украіны і партнёра закупкі — Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Таксама мэр пацікавіўся меркаваннем жыхароў Львова. Апытанне на старонцы мэра ў фэйсбуку сабрала больш за 1300 каментароў. Меркаванні падзяліліся, але многія выказваюцца супраць закупкі МАЗаў — хоць бы таму, што ў Львове ёсць свая вытворчасць аўтобусаў.

У прэс-службе мэрыі Львова Еўрарадыё расказалі, што канчатковага рашэння па "аўтобусным пытанні" яшчэ не прынята.

— Абмеркаванне па закупцы ста нізкападлогавых аўтобусаў працягваецца. Львоўская мэрыя звярнулася да ўрада адносна атрымання тлумачэнняў. Ёсць пытанні па падтрымцы мясцовага вытворцы ва Украіне, — каментуе Андрэй Белы, намеснік дырэктара дэпартамента жыллёвай гаспадаркі і інфраструктуры львоўскай мэрыі.

Паводле яго слоў, Львоў быў бы і рады закупіць аўтобусы ў мясцовага завода "Электрон", але ён не можа канкураваць цаной з МАЗам. Маўляў, у "іншых краінах" дзяржаўная ўлада стымулюе мясцовых вытворцаў, таму яны могуць выходзіць на тэндары з больш нізкімі цэнамі, але тут выйшла па-іншаму.

— Гэта тэндарная закупка адбываецца ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, гэта значыць згодна з еўрапейскім заканадаўствам, якое мае свае патрабаванні. Таму без умяшання і пазіцыі дзяржаўнай улады мы гэтую сітуацыю вырашыць не можам. Гэта значыць, з аднаго боку ёсць тэндарнае заканадаўства, а з другога — жаданне падтрымаць мясцовага вытворцу. Чакаем тлумачэнняў ад дзяржаўнай улады, — працягвае Андрэй Белы.

"Усё было добра, пакуль нашы кітайскія партнёры…"

Ёсць праблемы і з пастаўкамі беларускага гарадскога транспарту ў Жытомір. У 2019 годзе адміністрацыя горада вырашыла абнавіць тралейбусны парк тралейбусамі "Белкамунмаша". Атрымаць 50 тралейбусаў планавалі да канца 2020 года, але праз пандэмію пастаўку адклалі да лютага 2021-га. Але дагэтуль не атрымалі. Па словах намесніка мэра Жытоміра Аляксандра Шаўчука, адказнасць за затрымку ляжыць на кампаніі "БКМ-Украіна" — "дачцэ" і афіцыйным дылеру "Белкамунмаша".

— Нашым камунальным прадпрыемствам ужо напісаны да іх ліст-прэтэнзія, паколькі ў дамоўных умовах у нас ёсць прэтэнзійныя ўмовы за невыкананне графікаў пастаўкі. У кожным разе мы ўжывём нейкія санкцыі ў дачыненні да затрымкі партыі. Там прапісаныя санкцыі, а менавіта фінансавыя — адзін адсотак ад агульнай сумы дамовы кожны тыдзень, а гэта прыкладна 20 тысяч еўра за тыдзень,расказвае zhitomir.info Аляксандр Шаўчук.

Беларускі тралейбус на вуліцах Жытоміра / zhitomir.info

Але прадстаўнікі "Белкамунмаша" з такой пастаноўкай пытання не згодныя.

— Лічба 20 тысяч еўра не ёсць аб'ектыўнай, гэта яшчэ ўсё будзе пералічвацца, — каментуе Еўрарадыё дырэктар ААТ "УКГ БКМ" ва Украіне Канстанцін Емяльянаў. — Пастаўка была ўсяго на 50 адзінак, у адрас Жытоміра было адгружана 38 адзінак тэхнікі. Усё было добра, пакуль нашы кітайскія партнёры не сарвалі пастаўку рухавікоў. Мы папярэдзілі Жытомір пра тое, што ёсць праблемы з пастаўкамі камплектуючых па не залежных ад нас прычынах. Усе прэтэнзіі будуць да "БКМ-Украіна". Санкцыі ад заказчыка "Белкамунмаш" не закрануць.

Першы намеснік гендырэктара "Белкамунмаша" Дзмітрый Паркаў пры гэтым упэўнены, што прадпрыемства пакуль што не сарвала ніякіх тэрмінаў:

— Ніякіх штрафных санкцый "Белкамунмашу" не выстаўлялася. Пастаўшчык наогул не "Белкамунмаш", а "БКМ-Украіна". Але пастаўка яшчэ не завершана, засталося паставіць яшчэ 12 адзінак. Яны даўно ўжо выраблены і цяпер едуць ва Украіну.

Украінскі бок сцвярджае адваротнае: апошняя партыя з 12 тралейбусаў павінна была прыйсці ў Жытомір да 22 лютага. Але па стане на 4 сакавіка да адпраўкі ва Украіну было гатова толькі 8 з 12 карпусоў тралейбусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.