Вы тут

Лукашэнка ўзнагародзіў групу афіцэраў КДБ

На фота з цырымоніі чэкісты, відаць, не трапілі / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў групу афіцэраў КДБ. Цырымонія прайшла 7 траўня ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. У спісе ўзнагароджаных, які прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі, няма прозвішчаў чэкістаў, там згадваюцца працаўнікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, адукацыі ці культуры (яны таксама атрымалі ўзнагароды).

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што там прысутнічае "цэлая група доблесных афіцэраў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія робяць усё, каб нашы грамадзяне маглі спакойна жыць, працаваць і гадаваць дзяцей пад мірным небам". "За якія заслугі..., думаю, тлумачыць сёння не трэба, ды і па многіх накірунках пакуль нельга", — дадаў ён. Але намякнуў, што "гэтыя падзеі дзякуючы нашым СМІ ва ўсіх на слыху". Відавочна, што гаворка пра "расследаванні", якія ў апошнія месяцы з'яўляліся на дзяржаўных тэлеканалах — пра раскрыццё "змоваў" і затрыманне "змоўшчыкаў".

"Так, было ціха, спакойна чвэрць стагоддзя, — гаварыў на цырымоніі Лукашэнка. — Потым нас вырашылі "паспрабаваць на зуб". І наперадзе пайшлі людзі ў пагонах, што натуральна... Яны апынуліся на вышыні".

Падчас цырымоніі / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.