Вы тут

Лукашэнка расказаў, як хацеў працаўладкаваць "амаль сябра" Клінтана

Біл Клінтан / Reuters

18 кастрычніка падчас наведвання Акадэміі кіравання Аляксандр Лукашэнка расказаў навучэнцам і выкладчыкам проста неверагодную гісторыю, як у канцы 1990-х хацеў працаўладкаваць амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана. У 1998-м ён трапіў у сексуальны скандал і ўзнікла пагроза імпічменту.

І вось, распавядае Лукашэнка, у кулуарах аднаго міжнароднага саміта ён сустрэўся з Барысам Ельцыным. Быў там і прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, які мог неўзабаве пазбавіцца сваёй пасады.

"Я Ельцыну кажу: "Слухай, Барыс, давай яму прапануем пасаду?цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Ён на мяне глядзіць усур'ёз: "Якую?". Я гавару: "У саюзную дзяржаву яго возьмем кіраўніком, ён жа ў нас усё роўна з нашай падачы будзе вырашаць там праблемы". Ельцын пачаў смяяцца, гэта заўважылі іншыя прысутныя.

"Клінтан таксама смяецца, але не разумее, пра што мы гаворым, — працягвае ўспамінаць беларускі кіраўнік. — Перакладчык яму пераклаў — ён яшчэ больш пачаў смяяцца".

Пасля гэтага аповеду Лукашэнка сказаў, што амерыканскаму прэзідэнту было б цяжка працаваць у Беларусі ці Расіі, бо давялося б "займацца і фермамі, і бульбай, а не толькі меркаваннямі людзей".

Відаць, Аляксандр Лукашэнка ўспамінае пра лістапад 1999-га. Тады ў Стамбуле ён прысутнічаў на сустрэчы кіраўнікоў краін АБСЕ і нават падышоў да Клінтана. 1 сакавіка сёлета падчас “Вялікай размовы” Лукашэнка сказаў пра Біла наступнае: "Мой добры… амаль сябар. Мы з ім у добрых адносінах дагэтуль, каб вы ведалі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Клінтан і Лукашэнка. Стамбул, 1999 год / kp.ru