“Трэба разабрацца ў сабе”: што Лукашэнка адказаў Еўрарадыё на “Вялікай размове”

“Трэба разабрацца ў сабе”: што Лукашэнка адказаў Еўрарадыё на “Вялікай размове”

1 сакавіка падчас “Вялікай размовы” карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук задаў пытанне, на якое Аляксандр Лукашэнка адказваў сорак хвілін. Што праўда, пачалося з таго, што Лукашука перабіў журналіст Першага канала “Беларускага радыё”. Адказаўшы на яго пытанне, кіраўнік Беларусі пацікавіўся, чым “Еўрапейскае радыё” адрозніваецца ад “Беларускага радыё”.

“Ёсць дзяржаўнае “Беларускае радыё” і недзяржаўнае “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Па разнастайнасці і падачы інфармацыі адрозніваемся, — адказвае Зміцер Лукашук. — Мы, як і ўсе СМІ тут прадстаўленыя, турбуемся і непакоімся за захаванне незалежнасці, суверэнітэт нашай краіны. Іншая справа, што мы не так ангажаваныя. Часам крытыкуем улады за тыя ці іншыя рашэнні. Часам хвалім. Канструктыўна, скажам так”.

Далей Аляксандр Лукашэнка адказваў на пытанні.

Пра тое, хто ў Расіі гуляе супраць Беларусі

Вы не горш за мяне ведаеце, якія сілы на нас нападаюць, калі яны нападаюць. Мяне не гэта больш за ўсё хвалюе, хаця гэта таксама важна. Мы павінны ведаць сваіх ворагаў у твар. Але мяне больш хвалюе праблема, наколькі мы сёння гатовыя абараняцца? А ў нашым царстве не ўсё добра. І сведчанне таму — ваша радыё… Я не дарма запытаўся, чым яно адрозніваецца ад “Беларускага радыё”.

Нам трэба разабрацца ў сабе. Гэта наша з вамі бяда. Будзем называць вас апазіцыяй. Дарэчы, трэба прааналізаваць вашы перадачы... Я пагляжу, ці настолькі вы далікатныя, наколькі выказваецеся. Нам бы тут аб’яднацца, каб супрацьстаяць сілам з Захада ці Усхода.

“Расія не хоча зладзіць тут пераварот”

Я хачу адваротную паралель правесці. Па-вашаму, Расія гэта дрэнна? Расія вельмі заклапочаная, яна не хоча згубіць Беларусь. Расія не хоча зладзіць тут пераварот, я ў гэтым упэўнены. Каб у Беларусі адбылося, як ва Украіне, немагчыма. І не будзе, па меншай меры, пры мне.

Пра польскую мяжу пад Мінскам

Вось вы ў Польшчы зарэгістраваныя. Адкажыце мне на пытанне, чаму дагэтуль у Польшчы сустракаюцца карты, дзе польская мяжа праходзіць пад Мінскам? Рытарычнае пытанне. Магчыма, ёсць праблемы з Усходам, але яшчэ большая праблема з Захадам. Расіяне не ўсталёўваюць ракеты за Масквой, каб на Беларусь нацэліць. У свеце ідзе інфармацыйная вайна, і дай бог, каб яна не перарасла ў лакальны ядзерны канфлікт.

Пра FM-частату для Еўрарадыё

Я памятаю пытанне пра хвалю для вас. Што праўда, тады быў адказ, што хваль не засталося. А з іншага боку, думаеш: будзеце вы, як Сярэдзіч, гэта яшчэ цярпіма, але кожны дзень прыносіць прапольскую прапаганду і глядзець гэтыя межы пад Мінскам? Ведаеце, пра хвалю я не думаю.

Пра беларусаў са знакам якасці

Вы крыўдуеце, калі я кажу, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці? Расіяне на мяне жартам крыўдуюць, быццам бы я іх ніжэй за беларусаў стаўлю. Ну чаму вы крыўдуеце? Гэта жартам сказана. Чаму вы так заточаныя супраць расіян?

“Трэба разабрацца ў сабе”: што Лукашэнка адказаў Еўрарадыё на “Вялікай размове”

Пра апазіцыю

Чаму кажу “так званая апазіцыя”? Некаторыя ашалелыя там ёсць. Яны думаюць, што вайнушку тут развяжам, як ва Украіне, і на гэтым пагрэем рукі. Калі я буду прэзідэнтам — не атрымаецца! Я вас першымі кіну ў полымя гэтай дэстабілізацыі.

Пра нацыянальны ўніверсітэт

У нас дастаткова ў ВНУ выкладаюць беларускую мову і іншыя прадметы. Спецыялісты ва ўрадзе прапрацоўвалі пытанне стварэння беларускамоўнай навучальнай ўстановы, і не прыйшлі да таго, што яе трэба ствараць. Я з імі пагадзіўся. Не ведаю, дзеля чаго вы гэта робіце, але наўрад ці, каб узмацніць беларускасць.

Пра Расію і нахлебнікаў

Не трэба нас папракаць, што мы нахлебнікі. З намі трэба супрацоўнічаць па-чалавечы, і Беларусі ніколі не будзе ў адрыве ад Расіі. Ніколі!

Пра святкаванне Дня Волі на стадыёне “Дынама”

Гэтага не будзе! Я вам шчыра кажу, і гэта чуюць тыя, хто будзе прымаць рашэнне. У нас неяк ставілі пытанне, чаму ў Беларусі няма месца, дзе можна сабрацца і пагаварыць. Мы вызначылі для гэтага плошчу Бангалор [у Мінску]. Калі мы адмаўлялі? Збірайцеся, калі ласка, і праводзьце. Але навошта вы лезеце на стадыён “Дынама”? Вы ведаеце, гэта асабістая абраза для мяне. Колькі я ўклаў працы ў гэты стадыён! Пабудавалі да Еўрапейскіх гульняў, мы хочам там ўсяму свету прадэманстраваць Беларусь. А вы лезеце на гэты стадыён... Стагоддзе — вялікая дата! Адсвяткавалі, цяпер, адзначайце там, дзе належыць.

Пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах

Мы на ўзроўні прэзідэнта зрабілі пераацэнку каштоўнасцяў. Спакойна рухаемся ў кірунку, каб разабрацца, што было. Без прапаганды. Я ў тыя часы прэзідэнтам не быў. Мне трэба, каб было сумленна.

Даручыў узяцца за Курапаты. Усталяваць сціплы помнік загінулым. Нешта зрабіць душэўнае, без вялікіх затрат, каб увекавечыць гэтае месца. Курапаты мы да ладу давядзём, будзьце ўпэўненыя. Там пахаваныя нашы людзі. Варушыць косці людзей, глядзець, немцы застрэлілі ці сталіністы, мне неяк не хочацца. Сталінізму, як гэта падаюць, у Беларусі не будзе. Паглядзіце на іншыя краіны: там мільёны гінулі. У Беларусі не будзе сталінізму нават пры “дыктатуры Лукашэнкі”.

Пра “амаль сябра” Клінтана

Прыехаў прэзідэнт у той час вялікай дзяржавы. Мой добры… амаль сябар. Мы з ім у добрых адносінах дагэтуль, каб вы ведалі.

Пра рэстаран “Поедем поедим”

Чаму вы па-зверску ставіцеся да гэтых прадпрымальнікаў? Амаль паўкіламетра ад Курапат. З іншага боку я, як вясковы чалавек, думаю: вось прыйшоў чалавек да гэтага помніка з Іосіфам Сярэдзічам, пасядзелі на гэтай лаўцы, дзе Клінтан сядзеў. Пагаравалі, што загінулі людзі. Зайшлі ў гэты рэстаран і чарку выпілі. Я гэта так успрымаю. Рэстаран як працаваў, так і будзе працаваць. Яго ніхто не закрые.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі