Лукашэнка прызнаўся ў непублічным супрацоўніцтве з М'янмай

Лукашэнка і Мін Аун Хлайн

Лукашэнка і Мін Аун Хлайн / прэс-служба Лукашэнкі

Беларусь і М'янма маюць непублічныя напрамкі супрацоўніцтва. У гэтым Аляксандр Лукашэнка прызнаўся 21 жніўня на сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Мін Аун Хлайнам.

Лукашэнка сказаў, што непублічныя тэмы ён абмяркоўваў на сустрэчы з кіраўніком М'янмы напярэдадні:

"Я сёння раніцай падумаў, што гэты фармат нашых з вамі перамоваў, які пачаўся ўчора ў нефармальнай абстаноўцы, добры тым, што нам удалося спакойна ўдваіх абмеркаваць усе напрамкі супрацоўніцтва яшчэ раз Беларусі і М'янмы. І самае галоўнае, пагаварыць пра тое, якія канкрэтна крокі ўжо зроблены. Рэальныя крокі ў напрамку нашага супрацоўніцтва. Фармат нефармальнай абстаноўкі яшчэ і важны тым, што закранаюцца пытанні, якія, на жаль, не агучыш і публічна не абмяркуеш".

Таксама Лукашэнка пахваліў Мін Аун Хлайна за тое, што той "забяспечыў палітычную стабільнасць у сваёй дзяржаве".

Генерал Мін Аун Хлайн прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў 2021 годзе. Спачатку ён узначальваў ваенную хунту, потым — часовы ўрад. Сёлета ў красавіку пад кантролем войска прайшлі выбары, у выніку якіх генерал заняў пасаду прэзідэнта. Тым часам у краіне фактычна працягваецца грамадзянская вайна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.