У Беларусь прыехаў кіраўнік ваеннай хунты з М'янмы
Сустрэча прэзідэнта М'янмы ў Беларусі / t.me/government_by
20 жніўня ў Беларусь з афіцыйным візітам прыляцеў прэзідэнт М'янмы Мін Аун Хлайн. На пятніцу, 21 жніўня, у яго запланаваныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Паведамляецца, што яны будуць абмяркоўваць супрацу ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, навуцы і адукацыі.
У мінскім аэрапорце Мін Аун Хлайна сустрэў віцэ-прэм'ер Віктар Каранкевіч.
У першы ж дзень візіту кіраўнік М'янмы сустрэўся з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Яны абмеркавалі прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку, вытворчасць прадуктаў харчавання, а таксама сумесныя праекты ў ахове здароўя.
Таксама ў Мінску сёння праходзіць беларуска-м'янманскі бізнес-форум. М'янму прадстаўляе дэлегацыя, у якую ўваходзяць каля 70 кіраўнікоў і прадстаўнікоў кампаній і фінансавых арганізацый.
Генерал Мін Аун Хлайн у лютым 2021 года ўзначаліў вайсковы пераварот у М'янме. Пяць гадоў ён быў прэм'ер-міністрам краіны, а сёлета ў красавіку стаў прэзідэнтам. Выбары былі арганізаваныя вайскоўцамі, праходзілі без паўнавартаснага ўдзелу апазіцыі і былі раскрытыкаваныя на міжнароднай арэне. Пры гэтым у М'янме працягваецца грамадзянская вайна.