Вы тут

Лукашэнка прызнаў Крым расійскім і збіраецца яго наведаць

Аляксандр Лукашэнка паляціць у Севастопаль / pixabay.com

Аляксандр Лукашэнка прызнаў Крым расійскім і збіраецца яго наведаць. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. "Мы ўсе разумелі, што Крым дэ-факта — гэта расійскі Крым,цытуе словы Лукашэнкі ria.ru. — Пасля рэферэндума [2014 года] і дэ-юрэ стаў расійскім".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго паездка ў Крым будзе азначаць яго канчатковае прызнанне "расійскай тэрыторыяй"."Слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнанні?!", — сказаў ён.

Па словах Лукашэнкі, ён мае дамоўленасць з Уладзімірам Пуціным аб паездцы ў Крым. Візіт туды ён хоча пачаць з Севастопаля.

Украінскі Крым быў захоплены Расіяй у 2014 годзе. Захад у адказ на дзеянні РФ увёў санкцыі, якія дзейнічаюць дагэтуль. Аляксандр Лукашэнка доўгі час не прызнаваў Крым расійскім. Усё змянілася пасля выбараў 2020 года. Украінскае кіраўніцтва не прызнае яго легітымным кіраўніком краіны, а Расія засталася адзіным саюзнікам.

Заява Лукашэнкі можа мець сур'ёзныя наступствы для беларуска-украінскіх дачыненняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.