Лукашэнка прапанаваў Аліеву новыя накірункі супрацоўніцтва

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў азербайджанскаму калегу Ільхаму Аліеву новыя ідэі і накірункі двухбаковага супрацоўніцтва. Пра гэта ён заявіў 28 лістапада на перамовах у Мінску, куды азербайджанскі лідар прыбыў з афіцыйным візітам.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Азербайджан не дапусцілі заўважнага зніжэння ўзаемнага тавараабароту, але пры гэтым лічыць, што трэба нарошчваць эканамічнае ўзаемадзеянне, у тым ліку на рынках трэціх краін. Сярод прапановаў Лукашэнкі — разгледзіць кааператыўныя магчымасці ў галінах нафтахіміі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі. Таксама беларускі кіраўнік казаў пра сустрэчныя пастаўкі тытуню і цыгарэт, пра супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Лукашэнка назваў паспяховым сумесны з Азербайджанам праект па зборцы беларускіх трактароў МТЗ, тэхнікі МАЗ і МЗКТ на Гянджынскім аўтамабільным заводзе. З 2007 года на яго плошчах сабрана болей за 6 тысяч трактароў “Беларус” і каля 3 тысяч аўтамабіляў і прычэпаў, перадае БЕЛТА.

Фота: БЕЛТА